Брэсцкае ДАІ штрафуе за нясвоечасовы "Дзякуй дзеду за перамогу"?

Пра гэта Еўрарадыё стала вядома ад абласнога каардынатара Руху "За Свабоду" Дзяніса Турчаняка. Актывіст пытаўся пра законнасць акцыі "Дзякуй дзеду за перамогу" і атрымаў нечаканы адказ. Кіраўніцтва абласнога ДАІ афіцыйна паведаміла: "На перыяд правядзення аўтапрабегу (9 траўня. — Еўрарадыё) дапускалася размяшчэнне тэматычных налепак пры ўмове, што пасля акцыі яны будуць знятыя. Кіроўцы аўтамабіляў, якія самастойна размясцілі налепкі, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці".

Турчаняк мяркуе, што гэта з'яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека, бо афіцыйна кіроўцаў ніяк не папярэдзілі пра забарону налепак пасля акцыі. Дарэчы, аўтамабілі з надпісамі "ТТ-43", "На Берлін!" можна і па сёння пабачыць на дарогах Брэста.

Турчаняк: "Атрымліваецца, што ДАІ заклікала людзей да патрыятызму, само заахвоціла размясціць на сваіх аўтамабілях налепкі. Увогуле гэта пазытыўна, нармальныя былі лозунгі: "Дзякуй дзеду за перамогу" — нічога ж ў гэтым крамольнага няма. Яны выступілі ініцыятарамі — людзі наляпілі. Але "на лік тры" хто не паспеў зняць, калі акцыя скончылася, тых аштрафавалі".

Рух "За Свабоду" абяцае прававую дапамогу кіроўцам, якіх аштрафуе ДАІ за такія налепкі.

Нагадаем, што напярэдадні 9 траўня на дарогах Брэста з'явіліся дзясяткі аўтамабіляў з георгіеўскімі стужкамі і тэматычнымі надпісамі ("Дзякуй дзеду за Перамогу!", "На Берлін!" ды іншыя). У СМІ было заяўлена, што ветеранам вайны такім чынам падзякавала абласное ДАІ разам з брэсцкім аўтаклубам "Патрыёт". Праўда, існаванне такога клуба пакуль застаецца пад пытаннем.

Фота — drive2.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі