Беларуская мова ў музыцы адраджаецца?

Сярод пераможцаў музычнай прэміі Ultra-Music Awards 2011, галасаванне па якой скончылася 20 лютага, беларускамоўныя выканаўцы і творы ў меншасці. Чаму беларуская мова цяпер не ў хітах? Ці ёсць будучыня ў беларускамоўных музыкаў? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да беларускіх спявачак.

Руся лічыць, што на беларушчыне яшчэ рана ставіць крыж. Мова сапраўды перажывае трансфармацыю, бо страціла сваё пратэстнае значэнне. Цалкам магчыма, што рок-музыкі неўзабаве рэінкарнуюць “роднае слова”.

Руся: У мяне адчуванне, што беларуская мова ў музыцы перажывае часы зменаў, бо як пратэстныя выказванні мова страціла свой імпульс. NRM загінуў, і нібыта няма больш пратэстнага року. Але зараз штосьці робіць Міхалок. Я чула рэінкарнацыю праекта "Далі", яны таксама хутка гучна стрэляць. Шмат што робіць "Тузін гітоў" на гэтым полі. Яны запрашаюць розных артыстаў перакладаць песні на беларускую мову, і такім чынам людзі далучаюцца да беларускай мовы.

Сама Руся, як і раней, працягвае спяваць па-беларуску. У верасні па-сапраўднаму стартуе новы праект спявачкі — "Шума". Руся лічыць, што шмат якія музыкі сёння баяцца роднай мовы, не заўсёды прыхільна ставіцца да яе і грамадства.

Руся: Але ў мяне адчуванне, што зараз беларускамоўныя музыкі баяцца беларускай мовы. І ўвогуле мы з сям’ёй перайшлі на беларускую мову і заўважаем, што нават на вуліцы людзі дзіўнавата ставяцца — з нейкім страхам і вялікай павагай адначасова. Вось і ў музыцы штосьці такое адбываецца.

У іншай беларускамоўнай спявачкі Паліны Паланейчык у сям’і размаўляюць па-руску, але беларуская мова — яе свядомы выбар.

Паліна: Я лічу, што гэта мая самасвядомасць. Я раптам пачала пісаць. Я памятаю, што ў восьмым класе я прыйшла ўпершыню на акустычны канцэрт N.R.M. І ўпершыню пачула жывую мову, якую не чула на занятках. Мне было прыемна адчуваць, што гэта маё, роднае.

У жыцці Паліна Рэспубліка, ці Паліна Паланейчык, размаўляе на той мове, на якой зручней у канкрэтнай сітуацыі, але на выступах прынцыпова ўжывае беларускую.

Паліна: Я думаю па-беларуску. Я разумею, што мова ўсё больш робіцца аўтаматычнай для мяне. Калі ангельская стане па ўжыванні для мяне даступнай, можа, я буду і па-ангельску пісаць.

Паліна не супраць эксперыментаў, акурат зараз яна знаходзіцца на этапе стварэння першага альбому, які можа пабачыць свет ужо сёлета.

Паліна: Я не ведаю, я працую над гэтым і песні ў мяне ёсць. Зараз я спрабую з рознымі музыкамі ў розных варыянтах, але знаходжуся яшчэ ў стане пошуку альбома. Але думаю, што ў 2012 годзе ён з’явіцца. Мне складана сказаць, якім ён будзе ў апошнім варыянце, але спадзяюся, што атрымаецца нешта добрае.

А ўвогуле, калі да мовы не ставіцца як да сродку пратэсту, то яна будзе больш папулярнай у сучасным мультыкультурным свеце, лічыць Руся:

Руся: Трэба памятаць пра тое, што беларуская мова — гэта не толькі станаўленне нацыянальнай самасвядомасці, вернасць роднаму народу, пакутнай беларускай зямельцы. Гэта ўсё добра, але мы жывем у мультыкультурным грамадстве і трэба звяртацца да мовы не як да чагосьці нацыяналістычнага, бо гэтага сучасны свет баіцца, — трэба звяртацца да мовы як да новага колеру мультыкультурнага грамадства.

Нагадаем, што 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Фота: http://vosien.orghttp://generation.by

Цалкам размову з Русяй можна паслухаць тут:120221 RusyaS.mp3

Цалкам размову з Палінай Паланейчык можна паслухаць тут:120221 PalinaRespublS.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі