Футбольныя фаны па ўсёй краіне падтрымалі жалобу па ахвярах тэракту (фота)

Не выключана, што бяда закранула знаёмых футбалістаў ці кіраўнікоў клуба. У прэс-службе БАТЭ кажуць, што трагедыя ў мінскім метро адбілася на старшыні праўлення клуба Анатолю Капскім.

“Пацярпеў нехта са знаёмых Капскага. Аб гэтым ён паведаміў у інтэрв’ю тэлевізійным каналам пасля матчу з “Дынама”. Былы супрацоўнік завода, які працаваў у цэху, зараз займаецца бізнэсам — пацярпеў нехта з яго дзяцей”.

На сваім афіцыйным сайце “жоўта-блакітныя” заклікаюць футбольныя каманды і аматараў футбола аказаць пасільную падтрымку пацярпелым. Еўрарадыё звярнулася ў Мінгарвыканкам, каб даведацца, ці падтрымалі іншыя беларускія клубы пачынанне БАТЭ. Але там кажуць, што атрымаць такую інфармацыю амаль нерэальна.

Бухгалтэрыя Мінгарвыканкаму:“У нас выпіскі на некалькі метраў. Даведацца інфармацыю па клубах — нерэальна. Трэба дзень сядзець і глядзець. Сёння дзве гадзіны банк з дзевяці да адзінаццаці друкаваў толькі дадаткі да выпісак — так шмат паступае грошай”.

Начальнік прэс-службы Беларускай федэрацыі футболу Андрэй Чэпа кажа, што супрацоўнікі федэрацыі таксама не засталіся ўбаку ад няшчасця. 

“Цэнтралізаванага пералічэння грошай не было, але мы дакладна ведаем, што многія супрацоўнікі пералічвалі грашовыя сумы самастойна”.

Сваё спачуванне загінулым і пацярпелым ад тэракту выказалі і футбольныя фанаты. Галасавая падтрымка ўлюбёных клубаў падчас апошняга тура была не такой актыўнай, як звычайна. Да таго ж, з сумнай нагоды былі зроблены спецыяльныя банэры.

Нагадаем, пасля выбуху ў Мінску 11 красавіка Мінгарвыканкам стварыў камісію для выплаты матэрыяльнай дапамогі пацярпелым ад тэракту. Кожны ахвотны можа пералічыць грошы на адмысловы рахунак.

Па стане 17 гадзін 15 красавіка на рахунак паступіла болей за 2 млрд рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі