Аляксандр Сапега бясплатна навучыць усіх жадаючых граць на бубнах

У межах 8-га фестывалю "Барабанны біт -2012" Аляксандр Сапега дасць бясплатныя ўрокі ігры на ўдарных.

Заняткі будуць адбывацца кожны аўторак цягам месяца. Акрамя ўласна Аляксандра Сапегі, у кожным з іх будуць браць удзел і адмысловыя госці — вядомыя беларускія бубначы, такія як Кірыл Шавандо, Аляксандр Мінец ды іншыя.

Нагодай для адкрыцця такой школы стала тэма, якую ўзнялі бубначы на партале dramers.by, узгадвае Сапега. Маўляў, людзі не маюць грошай, а хацелі б займацца і вучыцца. Тады славуты беларускі бубнач і вырашыў адкрыць адмысловыя месячныя курсы, што ладзяцца напярэдадні фестывалю "Барабанны біт -2012".

"Браць з сабой палачкі абавязкова!"– папярэджвае Аляксандр, бо за барабаны сядзе кожны з удзельнікаў! Узрост і ўзровень майстэрства не мае значэння — у экспрэс-школе чакаюць нават самых юных бубначоў. Такім чынам Аляксандр Сапега спадзяецца "вырасціць" малодшую групу канкурсантаў для "Барабаннага біту":

"У мінулым годзе мы аб’явілі конкурс для так званай малодшай групы: прыкладна ад 10 гадоў. Але, на жаль, атрымалі толькі тры заяўкі. І, натуральна, ладзіць конкурс у такіх умовах было немагчыма. Пакуль у нас вельмі мала дзяцей, якія займаюцца на бубнах. Але мы верым, што з часам у нас такія з’явяцца!"

Што тычыцца непасрэдна гала-канэцрта, у гэтым годзе ў "Барабанным біце" возьмуць удзел адразу 2 замежныя зоркі — бубначы з Кіева Аляксандр Гаркавы і Макс Малышаў (якога, дарэчы, ва Ўкраіне празвалі "Клічко украінскіх бубнаў"). Гурт Apple Tea прадставіць праграму з вакалісткай Аляксандр Захарык. Акрамя гэтага, у канцэрце паўдзельнічаюць стрыт-шоў "Stress", гурт Chiefs Band, квартэт Аляксандра Старажука, Ян Сапега ды іншыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі