Акцыя “За добрыя дарогі” прымусіла міліцыянтаў панервавацца

Як і тыдзень таму, гэты аўтапрабег стартаваў каля 12.00 на Святым возеры. Ад папярэдняй акцыі 14 красавіка ён адрозніваўся тым, што з’явіліся міліцыянты, якія здымалі аўтамабілі і кіроўцаў на відэа, інфармуе БелаПАН.

 

Удзельнікі гэтым разам адмовіліся ад надпісаў, кшталту: “Я плачу падаткі, дзе нармальныя дарогі?” і “За добрыя дарогі!”. У працэсе аўтапрабегу кіроўцы раздзяліліся на некалькі груп і паехалі па розных маршрутах. Увесь час іх суправаджалі машыны ДАІ, якія перыядычна нават парушалі правілы дарожнага руху: ехалі на чырвонае святло, або выскоквалі на сустрэчную паласу. Некалькіх удзельнікаў акцыі спынілі і выставілі абвінавачанні ў парушэннях ПДР.



Урэшце удзельнікі акцыі сустрэліся на пляцоўцы каля спарткомплексу “Алімпіец”. Там яны зладзілі невялікі флэшмоб: у прымацаваную на ліхтарны слуп скрыню яны кідалі дробныя купюры на рамонт дарожнага пакрыцця ў Магілёве.