Вы тут

Рэпер Сярога: "Сталін — вялікі гуманіст"

Рэпер Сярога / voicesevas.ru

Рэпер Сярога лічыць сябе дзяржаўнікам і рэкамендуе чытаць кнігі, у якіх усхваляюць Сталіна. Пра гэта ён заявіў у каментары "Комсомольской правде в Беларуси".

На нядаўнім святкаванні Купалля ў Александрыі Сярога падчас выступу заявіў, што хацеў бы праверыць поціск рукі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля гэтага ён сказаў, што ў таго самы моцны поціск рукі ва ўсёй Еўропе — Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй.

Гэты ўчынак рэпера выклікаў бурныя водгукі ў інтэрнэце. Каментуючы іх, Сяргей Пархоменка заявіў: 

"Для таго каб гаварыць на роўных са мной і такімі, як я, дзяржаўнікамі, рэкамендую для пачатку вывучыць матчастку. Я прапаную невялікі спіс літаратуры:

1. Мікалай Старыкаў "Вайна. Чужымі рукамі"

2. Міхаіл Хазін "Заход імперыі долара і канец Pax Americana"

3. Міхаіл Хазін "Успаміны пра будучыню. Ідэі сучаснай эканомікі"

4. Галіна Іванова "Гісторыя Гулага. 1918-1958"

5. Юрый Жукаў "Іншы Сталін"

Варта адзначыць, што большасць пералічаных Сярогам аўтараў стаяць на сталінісцкіх пазіцыях. 

"Не вучыце гісторыю паводле Салжаніцына. Сталін — вялікі гуманіст, гэта кажу я, чалавек, якому амаль 45 гадоў. Калі мне было 20 гадоў, я лічыў гэтак жа, як і мноства маіх цяперашніх апанентаў: што Сталін — забойца, які падпісаў мноства смяротных прысудаў, які мучыў і гвалтаваў свой народ. Народ, які насуперак Сталіну выйграў вайну супраць нацысцкай Германіі", — заявіў рэпер.

Ён парэкамендаваў пачытаць гэтыя кнігі бліжэйшаму атачэнню Лукашэнкі. "І ў добраахвотна-прымусовым парадку — да чытання кіраўнікам міністэрстваў замежных спраў, культуры, інфармацыі, адукацыі і аховы здароўя", — пералічыў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.