“Рэпарцёры без межаў” заклікаюць беларускія ўлады не штрафаваць журналістаў

“Рэпарцёры без межаў” заклікаюць беларускія ўлады не штрафаваць журналістаў

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” асуджае новую кампанію запалохвання незалежных журналістаў у Беларусі. У заяве, размешчанай на сайце арганізацыі, гаворыцца пра эканамічны ціск на карэспандэнтаў замежных СМІ, якія працуюць у Беларусі без акрэдытацыі. Апошнім такім выпадкам стаў штраф у памеры 1150 рублёў, накладзены на гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага.

Гэта ўжо 26-ты з пачатку года штраф за незаконную вытворчасць і распаўсюд прадукцыі СМІ. Усяго незалежных журналістаў аштрафавалі на 19,8 тысячы рублёў.

Часцей за ўсё рублём караюць карэспандэнтаў “Белсата” — сёлета пад штрафы трапіла 12 журналістаў, якія супрацоўнічаюць з гэтым СМІ. У заяве арганізацыі падкрэсліваецца, што “Белсат” неаднаразова спрабаваў адкрыць бюро ў Мінску, але безвынікова. Менавіта з гэтай прычыны яго журналісты вымушаныя працаваць у Беларусі без акрэдытацыі.

“Адзіная мэта гэтай кампаніі запалохвання — узмацніць ціск на незалежных журналістаў у Беларусі”, — заяўляе кіраўнік аддзелу па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі “Рэпарцёраў без межаў” Ёхан Бір. Па яго словах, Еўрасаюз павінен “нагадаць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што павага да свабоды СМІ з’яўляецца важнай умовай для збліжэння паміж Мінскам і Бруселем”.  

“Рэпарцёры без межаў” нагадваюць пра выступ Лукашэнкі на летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску 5 ліпеня, калі ён заявіў, што ўшчымленне свабоды СМІ, якое нібыта ёсць у Беларусі, — гэта “клішэ з арсеналу мінулага”.

“Рэальнасць вельмі адрозніваецца. На фоне буйных антыўрадавых акцыі пратэсту пераслед незалежных журналістаў і СМІ ў апошнія месяцы ўзмацніўся, у сакавіку былі арыштаваныя болей за 100 журналістаў і блогераў”, — сказана ў заяве.

Адзначаецца таксама, што апроч штрафаў за працу без акрэдытацыі на журналістаў наклалі, прынамсі, 13 іншых неправамерных штрафаў за “хуліганства”, “удзел у несанкцыянаванай акцыі” і “супраціў міліцыі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі