Вы тут

"Рэклама вялікага заробку": чаму падлеткі сталі часцей трапляцца на наркотыках

Фота shutterstock.com

За 9 месяцаў 2019 года ў два разы павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, якія здзейснілі падлеткі, — з 63 да 129. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 15 кастрычніка расказаў начальнік аддзела работы ІСН Сяргей Янкоўскі.

"Праходзіць агрэсіўная рэклама вялікага заробку сярод непаўналетніх у інтэрнэце. І нашы дзеці вядуцца на дадзенае", — сказаў Янкоўскі.

Журналіст "Радыё Свабода" пералічыў гучныя злачынствы, у якіх фігуравалі падлеткі за апошнія гады: напад з бензапілой у ГЦ "Еўропа", забойства бабулі і дзядулі ў Слоніме, трагедыя ў Стоўбцах — і спытаў у Янкоўскага, што, на яго думку, адбываецца з падлеткамі. Але Сяргей Янкоўскі сказаў, што яму цяжка адказаць на гэтыя пытанні.

Еўрарадыё пацікавілася ў Янкоўскага пра тое, на якой стадыі знаходзіцца распрацоўка сістэмы ювенальнай юстыцыі ў Беларусі.

"Нацыянальны цэнтр заканадаўчых і прававых даследаванняў сумесна з ЮНІСЕФ рэалізуе праект па ўкараненні аднаўленчых падыходаў [напрыклад, прынцып няўхільнасці пакарання можа быць заменены прынцыпам абавязковасці загладжвання шкоды і пакрыцця шкоды. — Еўрарадыё]. Ужо распрацавана канцэпцыя, абмяркоўваецца яе ўкараненне", — расказаў Янкоўскі.

Паводле яго слоў, канцэпцыя ўяўляе сабой выключэнне падлеткаў з судовай сістэмы і не асуджэнне непаўналетніх, а правядзенне аднаўленчых працэдур.