Вы тут

Рэдактар партала "Рэальны Брэст": У міліцыі мяне білі па нагах і па нырках

Фота: Рэальны Брэст

29 сакавіка міліцыянты Ленінскага РАУС Брэста затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка, рэдактара партала "Рэальны Брэст" Дзяніса Марука, паведамляе nn.by. Ён рабіў рэпартажы з маніфестацый "недармаедаў" і на адной з акцыяў паказаў сярэдні палец чалавеку ў цывільным, які здымаў яго на камеру. 

Марук распавёў, што яго вінавацяць у непрыстойным жэсце на адрас супрацоўніка міліцыі. "Але пачакайце! Які ж ён супрацоўнік міліцыі, калі ён быў без знакаў адрознення?" — задаецца пытаннем журналіст. 

У міліцыі ў Марука патрабавалі падпісаць выстаўленае яму абвінавачанне. Ён адмовіўся. Пасля гэтага, кажа ён, яго пачалі жорстка збіваць.

"Каб захаваць свае відэаматэрыялы, я засунуў флэшку ў рот. Мяне пачалі біць яшчэ больш жорстка, аб падлогу, па нагах, па нырках. Засунулі нейкую брудную лыжку ў рот, спрабуючы выцягнуць флэшку, парвалі ўсю вопратку", — распавёў Марук.

Міліцыянты супакоіліся толькі пасля таго, як у кабінет зайшоў нехта з начальства. Марука абвінавацілі ў хуліганстве і выпісалі штраф у 46 рублёў (2 базавыя велічыні). 

Ён збіраецца зняць пабоі. "Я не аспрэчваў тое, што паказаў чалавеку ў цывільным сярэдні палец. Але за што ж збіваць мяне?" — абураецца ён.

У Ленінскім РАУС Брэста журналістам заявілі, што да іх такі грамадзянін не паступаў.