Размеркаванне: дыпламатаў — у Барысаў, айцішнікаў — у Мінск

Праз месяц “маладыя спецыялісты” даведаюцца, дзе правядуць бліжэйшыя два гады. Еўрарадыё даведалася, хто там у чарзе на выпускнікоў.

“У нас на інжынерна-тэхнічным профілі заявак больш, чым спецыялістаў у два разы. Гэта дрэваапрацоўка, хімічная прамысловасць. У асноўным, не Мінск. На эканамічным заявак менш. Але выпускнікі прыносяць свае”, — апісваюць Еўрарадыё будучае размеркаванне ў Беларускім тэхналагічным універсітэце.

Некалькі выпускнікоў “адкупаюцца” ад размеркавання: аддаюць дзяржаве грошы за 5 гадоў вучобы:

“Да пяці чалавек кожны год. Часцей за ўсё не даводзяць да суда. Некалькі гадоў таму толькі суд быў”.

А грошы немалыя: больш за 100 мільёнаў рублёў.

На Магілёўшчыне патрэбныя аж 900 педагогаў у садкі і школы! Столькі заявак на выпускнікоў мае Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова. Найбольшы дэфіцыт — выхавацелі ў садок.

“У адзін толькі ў Бабруйск трэба 240 спецыялістаў педагагічнага профілю. У Магілёў — 170 чалавек. Найбольш запатрабаваныя спецыялісты ў сістэме дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, біялогіі, матэматыкі, хіміі”, — пералічваюць вакансіі ва ўніверсітэце.

Большасць айцішнікаў размяркоўваюцца ў Мінск. Але едуць і ў раёны.

“Мінск проста большы, таму тут больш прадпрыемстваў. Але ахоп — уся рэспубліка. Пры размеркаванні ні адна арганізацыя не мае прэферэнцый. Выпускнік мае права выбару. Калі ён ужо недзе працуе і хоча там заставацца, адпускаем туды”, — тлумачаць у Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Дыпламатаў з факультэта міжнародных адносін БДУ ў амбасады… не набіраюць. Хоць заявак хапае, расказваюць на гэтым факультэце.

“Амбасада — гэта ж замежныя структуры. Размеркаванне не абавязкова ў Мінск, бывае і Гомель і Барысаў”, — на факультэце абяцаюць прыстроіць усіх выпускнікоў.

Летась за кошт бюджэту дыпломы атрымалі 20,3 тысяч чалавек. На працу з накіравалі 19 тысяч. Працаваць па размеркаванню пагадзіліся 18,3 тысячы, падлічвае Белстат.

Фота: zarplata.md

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі