Вы тут

Разлад у "рускім міры": Мірсалімава раскрытыкавала ідэю Лушча стварыць партыю

Эльвіра Мірсалімава / Скрыншот з праграмы "Бывшие"

На фоне небывалай палітычнай актыўнасці і рыторыкі Лукашэнкі аб вялічэзным сяброўстве Расіі ў Беларусі актывізаваліся прарасійскія актывісты і рухі, якія прагнуць стварыць свае арганізацыі. Адна з самых гучных — ініціятыва лідара "Саюзу" і "Румолу" Сяргея Лушча зрабіць партыю.

Аднак сярод "рускаміраўцаў" адразу ж знайшліся незадаволеныя гэтай ініцыятывай.

У праграме "Бывшие" на ютуб-канале прапагандыста Уладзіміра Салаўёва выступіла намесніца кіраўніка Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Эльвіра Мірсалімава. Яна "топіць" за больш цесную інтэграцыю з Расіяй і нават упэўненая, што Канстытуцыі ў дзвюх краінах павінныя быць падобныя.

"Любая ініцыятыва і любыя аднадумцы, якія будуць выступаць за развіццё краіны, за развіццё Саюзнай дзяржавы, што ўзаемазвязана, гэта толькі вітаецца, гэта добра, — мірна пачынае разважаць на гэтую тэму Мірсалімава. Аднак тут жа выказвае думку, што “Саюз” дыскрэдытуе “тыя сілы, тых актывістаў, тыя партыі, якія, увогуле, з'яўляюцца аднадумцамі".

Анансуючы па дзяржТБ стварэнне партыі, Лушч заявіў пра тое, што “дастаткова вялікая частка жыхароў Рэспублікі Беларусь насамрэч не мела такой пляцоўкі, платформы для кансалідацыі [прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй. – Еўрарадыё]”. Верагодна, менавіта гэта і настроіла супраць яго іншых беларускіх "рускаміраўцаў".

Мірсалімава заяўляе, што была актыўнай удзельніцай устаноўчага сходу “Саюза”, які адбыўся ў Віцебску.

"Ініцыятыва "Саюз" была заснаваная тымі прарасійскімі зарэгістраванымі партыямі, якія, як кажуць цяпер прадстаўнікі гэтай ініцыятывы [Лушч. — Еўрарадыё], не існуюць у Беларусі. Гэта і наша партыя, і ЛДПБ, і Справядлівы свет. Грамадзянская згода, Бессмяротны полк, прадстаўнікі Саюза афіцэраў, Саюза афганцаў "Братэрства"... Атрымліваецца, што мы ім дапамаглі, а яны нас абліваюць брудам за грошы свайго фонда, — абураецца Мірсалімава. І дадае. — Мяркуючы па ўсім, такая адзіная партыя вельмі выгадная ўладзе, каб адцягнуць увагу ад тых партый, якія зарэгістраваныя, якія ёсць, якія працавалі".

"На жаль, пакуль да гэтага [ініцыятывы аб стварэнні партыі "Саюз". — Еўрарадыё] даверу ў мяне няма. І тое, што іх зараз паказваюць па тэлебачанні... Мабыць, іх будуць зараз прасоўваць. Зразумела, што гэта будзе партыя-спойлер, — дадала намкіраўніка РППС.

Таксама Мірсалімава заявіла, што ў ініцыятывы Лушча няма "ні структуры, ні рэальнай падтрымкі, у іх актыву практычна няма".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.