"Разбітае Сэрца Пацана" выдаюць новы альбом і рыхтуюцца стаць готамі

На другі па ліку дыск было запісана 13 песень, сярод якіх ёсць не толькі жартаўлівыя, але і кампазіцыі з сур'ёзным сацыяльным падтэкстам. Праўда, гітарыст і вакаліст гурта Дзяніс Тарасенка лічыць, што іх творчасць памылкова ўспрымаецца з жартам.

Дзяніс Тарасенка: "У нас няма песень проста па сцёбу, гэта іх так людзі ўспрымаюць, магчыма, з-за манеры выканання. Але там усё значна больш сур'ёзна, чым падаецца. Напрыклад, "Мой МТС і твой Velcom - непрымірымыя врагі" - гэта што? Гэта ж чалавечая драма! Ці, напрыклад, "Еслі курыш, еслі п'ёш, далеко ты ў спорце не шагнёш" - нешта смешна ў гэтым выразе? Гэта зноў жа драма нерэалізаванага спартоўца".

Дзяніс дадае, што сур'ёзна падумвае і пра змену падачы песень. Маўляў, ён збіраецца набыць цяжкія прымочкі, пафарбаваць пазногці ў чорны колер, і, магчыма, стаць готам.

Па словах гітарыста, новы альбом будзе называцца "Не налівай", такі загаловак быў абраны паводле найбольшай колькасці аднайменных песень на дыску. Над вокладкай працуе мастак Дзяніс Воўкаў, але музыкі пакуль яе не бачылі. Больш за тое, Дзяніс прызнаўся, што ніяк не можа паслухаць выніковы варыянт запісу.

Дзяніс Тарасенка: "Ніяк не могуць мне прызначыць аўдыенцыю на студыі, каб я ўсё адслухаў. Але там кляліся і бажыліся, што ўсё гатова і ўсё зроблена, маўляў, толькі даедзь. А калі даехаць, мне ніхто нічога не кажа. То бок мы селі запісалі альбом і іншыя людзі над ім працуюць, можа быць, гэта і да лепшага".

У музыкаў ёсць папярэдняя дамоўленасць з кампаніяй West Records на выданне альбома, але хутчэй за ўсё, наклад будзе невялікім. Да таго ж Дзяніс паабяцаў, што ў інтэрнэт альбом стоадсоткава будзе выкладзены ўжо сёлета, нават, калі фізічны носьбіт яшчэ не з'явіцца.

Бліжэй да навагодніх святаў музыкі плануюць зладзіць канцэртную прэзентацыю. Ужо вядома, што праходзіць яна будзе ў "Рэактары", але з датай пакуль складана: большая частка гурта з'язджае са "Свабодным тэатрам" на гастролі.

Паралельна з дыскам музыкі працавалі над кліпам на песню IPhone, і зараз пытанне толькі за рэжысёрам.

Дзяніс Тарасенка: "Раскадроўка намаляваная, засталося толькі знайсці добрую 3D-камеру і ўсё, наперад! Здымаць будзе гаспадар 3D-камеры, калі мы яе знойдзем. Калі не, то мы возьмем дзве камеры, замацуем іх на штатывах, і будзем здымаць такім хатнім варыянтам 3D-камеры, а што нам рабіць".

Праўда ні сюжэт, ні канцэпцыю роліка гітарыст РСП так і не раскрыў, маўляў, гэты відэашэраг можа стаць візуалізацыяй кожнай песні, галоўнае каб хранаметраж падыходзіў. Але музыка прызнаўся, што ролік будзе жорсткім, а таму ёсць сумнеў, што кожны пагадзіцца яго здымаць. Дарэчы, зараз ідуць перамовы з Максам Сірым, магчыма ён і стане рэжысёрам кліпа.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі