Расійскія санслужбы знайшлі кішэчную палачку ў беларускіх прадуктах

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Федэральнай службы Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным кантролі.





“Пры лабараторных даследаваннях вяндліны, якая паступіла з ААТ “Барысаўскі мясакамбінат”, у партыі ялавічыны, якая паступіла з ААТ “Мёрскі мясакамбінат”, і ў партыі тварагу, які паступіў з прадпрыемства ААТ “Савушкаў прадукт”, выяўлены бактэрыі групы кішачнай палачкі, — паведамляецца ў прэс-рэлізе Рассельгаснагляду. — Прынята рашэнне паінфармаваць дзяржаўную ветэрынарную службу Беларусі аб выяўленых выніках для прыняцця мер па выпуску прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням бяспекі Мытнага саюза”.





У мінулым Расспажыўнагляд не аднойчы выкарыстоўваўся ў палітычных мэтах. Пад яго забарону траплялі беларускае малако, малдаўскія віны, грузінская баржомі — прадукцыя найлепшай якасці, лепшая за расійскія аналагі. Пасля ўрэгулявання канфліктаў прадукцыя адразу пераставала быць няякаснай і вярталася на расійскі рынак, нагадвае “Наша Ніва”.





Нядаўна, як паведамлялася, Расія забараніла пастаўкі ўкраінскіх цукерак і шакаладу. Адначасова са слодычамі Масква паставіла бар’еры на шляху імпарту ўкраінскіх труб. На думку назіральнікаў, цяпер Масква хоча сарваць падпісанне дамовы пра асацыяцыю між Украінай і Еўрасаюзам.





Беларусь пакуль не забараніла ўкраінскія цукеркі следам за Расіяй.