“Расійскім інтарэсам пасуюць санкцыі ЕС для Беларусі”: эксперт — пра эканоміку

“Расійскім інтарэсам пасуюць санкцыі ЕС для Беларусі”: эксперт — пра эканоміку

Еўрасаюз рыхтуе пяты пакет санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму. У адказ афіцыйны Мінск уводзіць свае контрсанкцыі ў выглядзе выхаду з праграмы “Усходняе партнёрства” і дамовы аб рэадмісіі і вядзе актыўны дыялог з Масквой. У асобе таго ж старшыні Саўбеза РФ Мікалая Патрушава, які 29 чэрвеня чарговы раз наведваў Мінск. Гэтае супрацьстаянне закранула фактычна ўсіх суседзяў Беларусі. Але, здаецца, Украіну ў меншай ступені, чым усіх астатніх.

Што стала прычынай такой нечаканай “санкцыйнай актыўнасці” ЕС на беларускім кірунку? Ці далучыцца і ў якой ступені Украіна да еўрапейскіх санкцый? Што прымушае старшыню Саўбеза РФ прылятаць у Беларусь як на працу? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Ці далучыцца Украіна да новага пакету санкцый ЕС адносна Беларусі?

— Гэта залежыць перадусім ад таго, наколькі моцны будзе палітычны ціск на афіцыйны Кіеў. Таксама гэта залежыць ад балансу сіл ва Украіне. Яна далучылася да першай хвалі санкцый, але не атрымала належных бонусаў і цяпер узяла паўзу. Рэальна дзейнічаюць хіба што абмежаванні па авіязлучэнні.

Кіраўніцтва Украіны пакуль не вызначылася, паводле якой логікі дзейнічаць далей. Ёсць эканамічныя санкцыі ЕС і ёсць унутрыеўрапейскія кампенсатары фінансаў. Даступныя для дзяржаў. Украіна па-за гэтымі механізмамі і ўводзіць санкцыі на свой страх. Наўрад ці пры гэтым атрымаецца фінансава кампенсаваць вялікія страты.

Частка беларускіх тавараў значна пранікла на ўкраінскі рынак. Украіна будзе пазбаўляцца крытычнай залежнасці ад цэлых груп тавараў, але будзе асцярожна ўключаць эканамічныя санкцыі. Наступны крок залежыць ад алгарытму, які абярэ Кіеў.

Поўная канфрантацыя сутыкнецца з пытаннем падтрымкі ад ЕС і ЗША, магчымае пасярэдніцтва, а яшчэ — рэжым заплюшчаных вачэй і закрытых вушэй: мы проста супрацоўнічаем і зарабляем грошы. У кожнага з гэтых кірункаў ёсць свае прыхільнікі.

Кіраўнік Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў зачасціў у Мінск. Ці ёсць тут пагроза?

— Пагроза самастойнасці афіцыйнага Мінска ёсць. Патрушаў — адзін з каардынатараў беларускага кірунку. Савет бяспекі курыруе эканоміку і войска, але ключавое для Патрушава — абмен інфармацыяй і кантроль за ёй праз супрацоўніцтва беларускіх сілавікоў з расійскімі.

Расія, найхутчэй, прымусіць Мінск да пэўных кампрамісаў, бо Лукашэнку асабліва няма куды саступаць. Мінск спрабуе адцягнуць час падпісання дарожных мап, але доўга карміць Расію абяцанкамі не атрымаецца.

Сумесны рынак у тым ліку азначае ўзаемнае перацяканне капіталу, удзел у прыватызацыі ключавых прадпрыемстваў беларускай эканомікі. А вось падатковае заканадаўства Расіі створанае так, каб адпавядаць структуры расійскай эканомікі, арыентаванай на экспарт карысных выкапняў. Пры ўніфікацыі падатковага заканадаўства дзвюх краін можа атрымацца так, што без расійскай падтрымкі Беларусь існаваць ужо не зможа, бо збор падаткаў перастане адпавядаць патрэбам дзяржавы.

Якую пазіцыю абяруць Украіна, Азербайджан, Турцыя, Іран, Кітай?

— Проста цяпер, калі Украіна не далучаецца да санкцый, Мінск можа існаваць у такім рэжыме дзесяцігоддзямі, спаўзаючы ў бок Масквы. Большую частку санкцый яна ўспрымае станоўча, бо гэта падштурхоўвае Беларусь да Расіі. Калі Украіна падтрымае санкцыі, будзе цяжэй. У такім выпадку Мінск пойдзе на перамовы не пазней за 2023 год.

Тут залежыць ад пазіцый на Усходзе. Да верасня Іран можа канчаткова выйсці з-пад санкцый: гэта каласальны рынак, па структуры імпарту падобны да ўкраінскага. У Мінска і Тэгерана даўнія кантакты, гэта можа стаць палачкай-выручалачкай для Мінска. Важна, ці дапусціць Азербайджан да аднаўлення Нагорнага Карабаха. Ёсць чыннікі Турцыі і Кітая.

Сёння крызіс у Беларусі не замінае планам Кітая на рынак Еўропы: наадварот, двухкратнае павелічэнне кантэйнерных перавозак. Кітай паварочваецца да свету, і беларускі эксперымент з дэмакратыяй для Кітая цікавы. Небяспека існуе для недзяржаўных кампаній Кітая, што ўспрымалі Беларусь як пункт падскоку на рынак Еўропы — гэтыя будуць думаць. Кітай не будзе рэгулярна прымаць ганцоў з Беларусі.

Як санкцыі ЕС супраць Беларусі ўплываюць на Расію, ці нясе яна страты?

— Санкцыі ЕС супраць Беларусі для Расіі ў кароткатэрміновай перспектыве нясуць страты, але ў сярэднетэрміновай — выгада праз перамогу ў канкурэнцыі расійскіх кампаній над беларускімі за рынак Расіі. Калі будзе агульны рынак, то беларускія тавары будуць прадавацца ў Расіі па мясцовых цэнах, а не па сусветных — беларускі бюджэт панясе страты. Тыя пакеты санкцый, што ёсць цяпер, выгадныя Расіі.

Поўны запіс эфіру з Ігарам Тышкевічам глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі