Вы тут

Расійскі сайт: у Беларусі ўвялі абмежаванні на зняцце гатоўкі. Гэта праўда?

Банкамат у Мінску / Еўрарадыё

Расійскі сайт regnum.ru ўвечары 18 сакавіка напісаў, што ў Беларусі "ўлады ўвялі абмежаванні на зняцце наяўных грошай у банках". У навіны нібыта ёсць афіцыйная крыніца: "Пра гэта сёння, 18 сакавіка, паведамляе БЕЛТА", — піша regnum.ru. Праўда, чамусьці не дае спасылкі на канкрэтны тэкст на сайце БЕЛТА.

Скрыншот: regnum.ru

Між тым, на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА навіны пра абмежаванні на зняцце гатоўкі ў беларускіх банках няма. "БЕЛТА такой ​​навіны не пісала", — пракаментавалі Еўрарадыё ў Нацыянальным банку РБ. На сайце Нацбанка таксама няма ні слова аб увядзенні абмежаванняў на зняцце наяўных грошай у банках.

Еўрарадыё звязалася з офісамі некалькіх беларускіх банкаў. Там нас запэўнілі, што не атрымлівалі ад рэгулятара распараджэнняў аб увядзенні ліміту на зняцце наяўных грошай.

У той жа час у некаторых банкаматах некаторых банкаў ("БТА Банк", "Белаграпрамбанк") у Мінску наяўныя долары скончыліся без увядзення штучных абмежаванняў. Але там, дзе яны яшчэ ёсць. зняць іх можна ў любой дасяжнай колькасці.

Іншыя банкі (як, напрыклад, "Альфа Банк") увялі перадзаказ на зняцце наяўных долараў у касах, а "Банк ВТБ" з 19 сакавіка ўвёў абмежаванне на абменныя аперацыі па картках.

Такім чынам, абмежаванні, з якімі сутыкнуліся сёння беларусы, па-першае, неафіцыйныя, а па-другое, тычацца толькі безнаяўнага абмена беларускай валюты на замежную.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.