Вы тут

Расійскі пасол у Беларусі назваў украінскую аўтакефалію "вялікай трагедыяй"

Міхаіл Бабіч / belarus.mid.ru

Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Бабіч 7 студзеня наведаў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску. Пра гэта паведамляе прэс-служба расійскай амбасады. 

Падчас паездкі ў Жыровіцкі манастыр Бабіч выказаўся пра аўтакефалію Праваслаўнай царквы Украіны. Атрыманне аўтакефаліі ён назваў вялікай трагедыяй. 

"Усё, што зараз адбываецца ў братняй Украіне ў сувязі з прадастаўленнем аўтакефаліі царквы — гэта вялікая трагедыя для ўсяго праваслаўнага свету, праваслаўных вернікаў і Рускай праваслаўнай царквы. Спроба ўнесці раскол ідзе не толькі па лініі ўкраінскіх вернікаў, але гэта і ў цэлым спроба расколу Рускай праваслаўнай царквы. Самае страшнае, што цяпер адбываецца спроба пад прыкрыццём раскольніцкіх дзеянняў падзяліць людзей па палітычнай прыкмеце", — заявіў расійскі дыпламат.

Ён паведаміў пра неабходнасць зрабіць усё магчымае, каб гэты раскол не адбыўся. "Нашым праваслаўным украінскім братам трэба дапамагчы не дапусціць самых негатыўных палітычных наступстваў, якія могуць выцякаць з прынятых рашэнняў", — падкрэсліў Бабіч. 

Па яго словах, справа ўкраінскай аўтакефаліі — працэс штучны, і адбываецца з выкарыстаннем велізарнага адміністрацыйнага рэсурсу. "Гэта спроба палітычных маніпуляцый і спроба ўнесці раскол у праваслаўны свет", — дадаў амбасадар. 

Аўтакефалію Украінскай праваслаўнай царквы Бабіч патлумачыў пазіцыяй кіеўскіх уладаў, а не ўкраінскага народа. "Гісторыя яшчэ дасць ім сваю ацэнку", — паабяцаў ён.