Расійскі эксперт: Беларусь не зацікаўленая ў далейшай інтэграцыі з Расіяй

Расійскі эксперт: Беларусь не зацікаўленая ў далейшай інтэграцыі з Расіяй

У Маскве вырашылі абмеркаваць будучае ўзаемаадносінаў Беларусі і Расіі. Так канферэнцыю і назвалі — “БелоРусский диалог”. Але па факце дыскусія звялася да мадэлявання будучага Беларусі. Абмяркоўваць яго сабраліся эксперты і палітыкі з дзвюх краін. І ўжо падчас першай панелі “Інтэграцыйны выбар Беларусі” паміж імі выявіліся значныя разыходжанні і непаразуменні.

Вядучы навуковы супрацоўнік Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Няменскі адразу ставіць дыягназ: адносіны Беларусі і Расіі ў плане перспектыў інтэграцыі знаходзяцца ў глыбокім крызісе.

“Мы так і не змаглі знайсці мадэль інтэграцыі Беларусі і Расіі. Тое, што ёсць, ужо спрацавала максімальна, а далей прасоўвацца ўнутры тых інтэграцыйных сістэм, якія былі створаныя, немагчыма. І больш за ўсё незацікаўленыя ў гэтым у Беларусі”, — кажа Няменскі.

І прызнае: мы да гэтага часу не ведаем, як пераадолець прынцыповыя адрозненні ў эканамічнай і палітычнай сістэмах Беларусі і Расіі. Адпаведна, нашы краіны — “немагчыма інтэграваць у прынцыпе”, кажа расійскі эксперт. І папракае афіцыйны Мінск: “Беларусь хацела б мець інтэграцыю інтэграцый: і з Усходам, і з Захадам. І ніяк не зразумее, што гэта ўжо немагчыма”.

Эксперт адзначае, што цяпер Беларусь заняла пазіцыю “чакання”. І прызнае, што гэта правільна, бо сёння ніхто не можа сказаць, чым скончыцца супрацьстаянне паміж Расіяй і Захадам. Ужо сёння Крэмль не здольны ў адпаведнай меры “набываць” лаяльнасць Беларусі, а яшчэ і “ментальна нашы народы аддаляюцца з кожным годам”.

Расійскі эксперт: Беларусь не зацікаўленая ў далейшай інтэграцыі з Расіяй

“Я бачу, што беларускае кіраўніцтва ўжо фактычна згубіла моладзь сваёй краіны. З гэтай моладдзю выдатна ўжо даўно працуе Захад па самых розных каналах. Расія з ёй не працуе, і гэта вялікая віна Расіі. І я гляджу, што нават тая частка моладзі, якая лаяльна ставіцца да Лукашэнкі, глядзіць у бок Захаду. І другі момант: тая вайна “рускаму свету”, якую аб’явіў Лукашэнка і пад якую цяпер падладжаны ўвесь беларускі афіцыёз. Гэта вельмі небяспечны момант. Гэта новы фактар — яму ўсяго крыху больш за год, але ён ўжо набыў вельмі сур’ёзныя маштабы. Калі я бачу, як ўвесь беларускі афіцыёз і ўсе праўладныя эксперты змагаюцца з паняццем “рускі свет”, становіцца страшна”, — пужаецца Алег Няменскі.

Расійскага эксперта спрабуе супакоіць беларускі калега з Інстытута краін СНД Юрый Баранчык. Па яго словах, ніякай дэрусіфікацыі ў нашай краіне не адбываецца, бо “на беларускай мове гавораць толькі незамужнія студэнткі педагагічнага ўніверсітэта і частка нацыянальнай эліты. А што да тых жа апазіцыянераў, то ў Магілёве не адзін з іх не аддаў сваё дзіця ў беларускамоўную школу”. Праўда, пагаджаецца, што Расія вядзе “працу” выключна з першай асобай Беларусі, а пра працу з шараговымі жыхарамі краіны забылася. Ну, і жаліцца прысутным, што ён спрабаваў стварыць у Беларусі “еўразійскую арганізацыю”, але Мінюст адмовіў у рэгістрацыі. 

Расійскі эксперт: Беларусь не зацікаўленая ў далейшай інтэграцыі з Расіяй
Юрый Баранчык, фота Змітра Лукашука

З заявай, што прарасійскія сілы ў Беларусі трапляюць пад значна большыя рэпрэсіі, чым праеўрапейскія, нечакана выступае кіраўнік грамадскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач.

“Людзі, якія спрабуюць развіваць расійскі фактар у сваіх палітычных праграмах, яны атрымлівалі больш рэпрэсій — больш, чым праеўрапейскія структуры”.

Праз прызму інтэграцыйных працэсаў раіць глядзець на рост самасвядомасці беларусаў экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч.

Расійскі эксперт: Беларусь не зацікаўленая ў далейшай інтэграцыі з Расіяй

“Мы не павінны забывацца, што ЕАЭС — аб’яднанне незалежных дзяржаў. І не трэба рост нацыянальнай самасвядомасці інтэрпрэтаваць у антырасійскім рэчышчы”.

Што да самой ідэі інтэграцыі дзвюх краін, то тут Караткевіч указвае расійскім экспертам на стаўленне Масквы да партнёраў па ЕАЭС.

“Я лічу несправядлівым, калі Расія прымушае Беларусь выконваць розныя стандарты у межах ЕАЭС, а абвязальніцтвы па агульным рынку энергарэсурсаў, да прыкладу, адносіць на нявызначаны час”, — абураецца Караткевіч.

І задае пытанне прысутным: “Калі Расія ўвяла санкцыі супраць ЕС і Украіны, то чаму мы павінны яе ў гэтым падтрымліваць, калі жывём па канцэпцыі адказнага суседства?”

Калі коратка перадаць змест выступаў экспертаў, то ўсё звядзецца да адной думкі: мадэлі, па якой сёння могуць працягнуць інтэграцыю Беларусь і Расія, няма. Ні ў каго. А ў Беларусі яшчэ і жадання на гэта няма.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі