Вы тут

Расіянку, якая жартавала пра траціл у аэрапорце "Мінск", адпусцілі пад заклад

Жыхарка расійскай Самары Марыя Рымар, якую затрымалі ў Беларусі, цяпер адпушчаная пад заклад. Пра гэта піша сайт volga.news са спасылкай на яе мужа Андрэя Рымара.

"Гэта не канец, але вялікі крок наперад. Вялікі дзякуй усім, хто падпісваў, распаўсюджваў, кансультаваў і г.д.", — напісаў мужчына ў сацсетках у аўторак, 19 ліпеня.

Дарэчы, яшчэ 17 ліпеня муж затрыманай расіянкі пісаў у сацсетках, што Рымар адмовіліся выпусціць пад заклад, хаця следства і прасіла пра гэта.

Як паведамлялася раней, Марыю Рымар затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" 7 ліпеня. Маці дваіх дзяцей была раздражнёная пільным даглядам і няўдала пажартавала, быццам у сваёй сумцы вязе траціл. Расіянку затрымалі па падазрэнні ў заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы і змясцілі ў СІЗА. Ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Андрэй Рымар абнародаваў у інтэрнэце петыцыю ў падтрымку жонкі. Яе падпісалі больш за 7000 чалавек.