Расіяне зноў атакавалі Кіеў балістычнымі ракетамі, ёсць загінулыя
Наступствы начной атакі ў Кіеве / ДСНС Украіны
У ноч на 8 верасня расійскія войскі зноў зладзілі масіраваную ракетную атаку па Кіеве і Кіеўскай вобласці. Ва ўкраінскай сталіцы ў выніку ўдараў загінулі мінімум два чалавекі, пацярпелі — дзесяць, перадае hromadske.ua.
Разбурэнні і пажары адбыліся па меншай меры ў пяці раёнах Кіева. У Галасееўскім раёне абломкі ўпалі на жылы дом, дзе людзі былі заблакаваныя ў кватэрах. У Саломенскім раёне людзі аказаліся заблакаваныя ў жылым пяціпавярховіку. Там выратавалі дзесяць чалавек, аднаго шпіталізавалі.
Старшыня Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Цімур Ткачэнка паведаміў, што Кіеўскую вобласць атакавалі рэактыўнымі дронамі, балістычнымі ды іншымі ракетамі. У выніку атакі былі пашкоджаныя дамы людзей, прадпрыемствы, складскія памяшканні і аўтамабілі. У Белай Царкве адзін чалавек атрымаў асколачныя раненні.