Расіяне страцілі ў баях за Бахмут да 30 тысяч чалавек забітымі і параненымі

У Бахмуце працягваюцца пазіцыйныя баі / @osirskiy
У Бахмуце працягваюцца пазіцыйныя баі / @osirskiy

З траўня мінулага года ў баях за Бахмут расійская рэгулярная армія і ПВК "Вагнер" страцілі ад 20 да 30 тысяч забітымі і параненымі. Пра гэта заявіў старшы ваенны дарадца дэлегацыі Вялікабрытаніі ў АБСЕ Ян Стабс падчас пасяджэння форуму па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі ў Вене. Яго цытуе "Укрінформ".

"Гэта велізарныя чалавечыя страты пры агульным прасоўванні прыкладна на 25 кіламетраў", — заявіў Стабс. Ён падлічыў, што "на кожны пройдзены кіламетр прыпадае больш за 800 забітых ці параненых расійскіх вайскоўцаў". Пры гэтым пераважная большасць з іх — гэта баевікі "Вагнера".

Нагадаем, апошнім часам фінансіст ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын скардзіўся на недахоп боепрыпасаў і дрэннае забеспячэнне. Востра, на думку Стабса, стаіць і пытанне забеспячэння расійскіх войскаў тэхнікай.

"Расія панесла велізарныя страты цяжкай бронетэхнікі, што вымусіла яе разгарнуць на фронце 60-гадовыя асноўныя баявыя танкі Т-62. З лета 2022 года было знята з захоўвання прыкладна 800 састарэлых Т-62", — кажа брытанскі вайсковы дарадца. Паводле яго звестак, нядаўна ва Украіне былі разгорнутыя нават расійскія бронетранспарцёры БТР-50 — "рарытэтныя машыны, якія ўпершыню былі прынятыя на ўзбраенне расійскага войска ў 1954 годзе".

У Бахмуце і ваколіцах працягваюцца пазіцыйныя баі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі