Расіяне расстралялі ўкраінскіх палонных — пракуратура пачала расследаванне
![Расіяне расстралялі палонных украінцаў](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-02/rasstrel-2602.jpg.webp?itok=POd-NmU3)
Расіяне расстралялі палонных украінцаў / t.me/DeepStateUA
Данецкая абласная пракуратура пачала расследаванне расстрэлу акупантамі бяззбройных украінскіх ваеннапалонных у Бахмуцкім раёне 24 лютага, перадае hromadske.
Паводле папярэдніх звестак, расстрэл адбыўся падчас штурму ўкраінскіх пазіцый паміж сёламі Іванаўскае і Хромава. Відэа трагедыі, знятае з камеры дрона, апублікавала маніторынгавая платформа DeepState. На ім бачна, як спачатку расійскія салдаты загадваюць украінцам выйсці з акопа, збіраюць іх у адным месцы, а потым расстрэльваюць з аўтаматаў.
Таксама паведамляецца, што расійскія вайскоўцы наўмысна дабілі параненых украінскіх абаронцаў, праігнараваўшы нормы міжнароднага гуманітарнага права. DeepState паведамляў пра дзевяць расстраляных украінцаў.
Украінская пракуратура пачала дасудовае расследаванне па факце парушэння законаў і звычаяў вайны, сумешчанага з наўмысным забойствам (ч. 2 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны). Вядзе яго Галоўнае ўпраўленне СБУ ў Данецкай і Луганскай абласцях.
Да ААН і Міжнароднага Чырвонага Крыжа звярнуўся ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец. Ён папрасіў зафіксаваць і публічна прызнаць, што расійскія вайскоўцы забіваюць украінскіх палонных. Украінскі амбудсмен заявіў, што ўжо вядома, у якой вайсковай часці служаць гэтыя акупанты.
Гэта не першы выпадак, калі становіцца вядома пра расстрэл украінскіх ваеннапалонных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.