Вы тут

Расія прапанавала Азербайджану пабудаваць АЭС за 10 млрд. Нічога не нагадвае?

delfi.lt

Расійская карпарацыя "Расатам" прапанавала пабудаваць у Азербайджане атамную электрастанцыю. Такім чынам, лічаць у "Расатаме", Азербайджан зможа сэканоміць газ і павялічыць яго пастаўкі за мяжу. Афіцыйнай рэакцыі на гэтую прапанову пакуль няма, а эксперты і карыстальнікі сацсетак спрачаюцца, ці патрэбна краіне АЭС, піша JAMnews.

Былы намеснік міністра атамнай энергетыкі Расіі Булат Нігматулін падлічыў, што будаўніцтва АЭС Азербайджану абыдзецца прыкладна ў 10 мільярдаў долараў. Грошы велізарныя, але, па словах Нігматуліна, іх можна пазычыць у самой жа Расіі:

"Расія для гэтых мэт можа вылучыць крэдыт на тры-чатыры гады, і вы спакойна за кошт экспарту сваіх энерганосьбітаў зможаце яго пагасіць. А наогул усе выдаткі па ўзвядзенні станцыі акупяцца ўжо гадоў праз 10-12".

Цікава, што на падобных умовах будуецца Беларуская АЭС. Яе таксама ўзводзіць "Расатам". Для будаўніцтва Расія вылучыла крэдыт у 10 млрд долараў і выбрала праект АЭС-2006 — гэта тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны ўжо на снежань 2019 года, другі павінен быць запушчаны ў ліпені 2020-га.

Што кажуць у Азербайджане: дорага і небяспечна

Эксперт у галіне нафтагазавай энергетыкі Ільхам Шабан упэўнены, што ў найбліжэйшыя 40 гадоў атамная электрастанцыя Азербайджану не патрэбна і, наогул, гэта занадта дорага:

"Але ж яшчэ трэба ўлічыць, што на падрыхтоўку персаналу пойдзе мінімум каля сямі гадоў. Навошта гэта? Дзеля таго, каб увайсці ў лік краін, якія выкарыстоўваюць атамную энергетыку?"

У свеце цяпер налічваецца 31 такая краіна. Італія пакінула гэты спіс яшчэ ў 1990 годзе, спалохаўшыся трагедыі ў Чарнобылі. Бельгія, Германія, Іспанія і некаторыя іншыя краіны таксама маюць намер у будучыні адмовіцца ад ядзернай энергіі.

Многія мясцовыя эксперты мяркуюць, што АЭС — чарговая нагода, прыдуманая Расіяй, каб зарабіць на Азербайджане і прывязаць яго да сябе.

Палітычны аглядальнік JAMnews Шахін Рзаеў:

"...будаўніцтва ў Азербайджане расійскай АЭС ставіць Азербайджан у залежнасць ад Расіі. У нас няма дастаткова спецыялістаў для абслугоўвання гэтай станцыі, няма пакладаў урану і іншага ядзернага паліва, таксама як і тэхнікі па яго ўзбагачэнні. Усё гэта прыйдзецца браць у Расіі, каб неяк у няпэўнай будучыні акупіць выдаткі на будаўніцтва.

Да таго ж існаванне АЭС паблізу ад сталіцы робіць краіну вельмі ўразлівай у ваенным плане. Прыйдзецца тады дакупляць новыя зенітна-ракетныя комплексы, зноў жа расійскай вытворчасці, каб абараніць станцыю ад магчымых удараў..."

А вось канфліктолаг Аваз Гасанаў лічыць, што нельга спадзявацца толькі на нафту і газ і наяўнасць АЭС Азербайджану не перашкодзіць.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.