Расія павінна прызнаць Украіну ў межах 1991 года — Навальны

Аляксей Навальны / ТАСС
Аляксей Навальны / ТАСС

Расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны, які адбывае турэмнае зняволенне, апублікаваў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку 15 тэзісаў сваёй палітычнай платформы. Яны датычаць расійска-ўкраінскай вайны і яе наступстваў.

Навальны заяўляе, што Пуцін "развязаў несправядлівую агрэсіўную вайну супраць Украіны пад недарэчнымі падставамі". Рэальнымі прычынамі вайны ён называе палітычныя і эканамічныя праблемы ў самой Расіі.

На думку Навальнага, Расія церпіць ваенную паразу. "Менавіта ўсведамленне гэтага змяніла рыторыку ўладаў ад "Кіеў за тры дні" да істэрычных пагроз прымяніць ядзерную зброю ў выпадку пройгрышу. Бессэнсоўна загубленыя жыцці дзясяткаў тысяч расійскіх салдат. Канчатковую ваенную паразу можна адтэрмінаваць цаной жыцця яшчэ сотняў тысяч мабілізаваных, але ў цэлым яна непазбежная", — упэўнены апазіцыянер.

Ён лічыць, што Расія павінна прызнаць дзяржаўныя межы Украіны, вызначаныя ў 1991 годзе: "Мы, Расія, іх таксама тады прызналі. Гэтыя межы Расія павінна прызнаваць і цяпер. Тут няма чаго абмяркоўваць. Амаль усе межы ў свеце выпадковыя і выклікаюць чыюсьці незадаволенасць. Але ваяваць за іх змяненне ў XXI стагоддзі нельга. Інакш свет пагрузіцца ў хаос". (Да свайго зняволення Навальны казаў, што "Крым не бутэрброд" і не выказваўся катэгарычна за яго вяртанне Украіне. Таксама ў новых тэзісах няма ні слова пра грузінскія тэрыторыі, якія Расія анэксавала ў 2008 годзе.)

Навальны заклікае спыніць вайну і вывесці ўсе расійскія войскі з яе тэрыторыі. "Пакінуць Украіну ў спакоі і даць ёй магчымасць развівацца так, як жадае яе народ", — прапаноўвае ён.

Ён лічыць неабходным разам з Украінай, ЗША, Еўрасаюзам і Брытаніяй "шукаць прымальныя шляхі кампенсацыі шкоды, нанесенай Украіне. Напрыклад (пасля змены ўлады ў Расіі і заканчэння вайны), адмяніўшы абмежаванні ў дачыненні да нашых нафты і газу, але з накіраваннем часткі даходу ад экспарту вуглевадародаў на кампенсацыі".

Таксама ён заклікае расследаваць ваенныя злачынствы ў супрацы з міжнароднымі інстытутамі.

Згадваецца ў яго тэзісах і Беларусь. Навальны называе глупствам заяву, быццам усім рускім уласцівая імперская свядомасць: "Напрыклад, у вайне супраць Украіны удзельнічае Беларусь. У беларусаў таксама імперская свядомасць? Не, у іх таксама дыктатар ва ўладзе. У Расіі, як і ў любой краіне з гістарычнымі перадумовамі да гэтага, заўсёды будуць людзі з імперскімі поглядамі, але гэта далёка не большасць".

Расіі не патрэбныя новыя тэрыторыі, бо яна і так велізарная краіна, у якой скарачаецца насельніцтва і вымірае правінцыя, адзначае апазіцыянер. Важнай задачай пасля вайны ён бачыць аднаўленне нармальных эканамічных адносін з цывілізаваным светам і вяртанне эканамічнага росту.

Таксама Навальны заклікае да істотных палітычных рэформаў:

"13. Дэмантаж рэжыму Пуціна і яго дыктатуры. У ідэале — праз усеагульныя свабодныя выбары і скліканне Канстытуцыйнага сходу.

14. Устанаўленне парламенцкай рэспублікі, заснаванай на змяняльнасці ўлады праз сумленныя выбары, незалежным судзе, федэралізме, мясцовым самакіраванні, поўнай эканамічнай свабодзе і сацыяльнай справядлівасці".

На думку палітыка, Расія павінна быць часткай Еўропы прытрымлівацца еўрапейскага шляху развіцця. "Іншага ў нас няма, і іншага нам і не трэба", — піша ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі