Расія не хоча вяртаць “Бураціна” беларусам

Пакуль Расія зарабляе грошы на “Прыгодах Бураціна” і іншых стужках “Беларусьфільма”, наша кінастудыя “застаецца з носам”… Кінастудыя “Беларусьфільм” вырашыла вярнуць сабе фільмы, якія былі адзнятыя на “Беларусьфільме” падчас існавання Савецкага Саюза і зараз знаходзяцца ў Дзяржфільмафондзе Расіі.
“Беларусьфільм” будзе змагацца за такія знакамітыя стужкі, як “Корцік”, “Бронзавая птушка”, “Прыгоды Бураціна”.

Начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы “Беларусьфільма” Наталля Гарашэвіч патлумачыла Еўрарадыё, што інакш не атрымаць аўтарскія правы:

Наталля Гарашэвіч: “Атрымалася, што самі па сабе матрыцы, носьбіты, засталіся ў Дзяржфільмафондзе Расійскай Федэрацыі, а вось права інтэлектуальнай ўласнасці засталося за намі. І мы яго не можам рэалізаваць, там яны нам кажуць, што не збіраюцца аддаваць нам гэты носьбіт. Такім чынам, мы не можам паказаць самі фільм па расійскіх тэлеканалах і атрымаць ад гэтага грошы”.

Каб даведацца, ці збіраецца ўсё ж такі Дзяржфільмафонд Расіі вяртаць фільмы, Еўрарадыё датэлефанавалася ў Маскву. Начальнік аддзелу біяфільмаграфіі міжнародных сувязяў Дзяржфільмафонду Расіі Валеры Басенка, растлумачыў, што пра вяртанне негатываў беларусам застаецца толькі марыць:

“А ў вас што, ёсць дзе захоўваць? Вось на Грузіяфільме захоўваліся фільмы, пакуль пажару нядаўна не здарылася і ўсё не згарэла! Таксама ж вельмі шумелі, і прэс-канферэнцыі ладзілі ў Еўропе: “Ах, нам не вяртаюць наш нацыянальны здабытак!”.

У выніку ўсё згарэла, і дзе іх нацыянальны здабытак? Калі ласка, звяртайцеся, правы застаюцца за вамі. Гэта ўсё можна стыражаваць, але перавозіць у іншую краіну? Пра гэта не можа ісці размовы! Вы што, хочаце, каб па дарозе гэта ўсё згарэла ці падарвалася па нашых-то дарогах?”

Але некаторыя фільмы ўсё ж такі засталіся ў сценах нашай кінакампаніі. Напрыклад, няма ніякіх праблемаў з “Белымі росамі” Ігара Дабралюбава. “Беларусьфільм”цалкам можа кантраляваць яго паказы. Але, як з намі падзяліўся сцэнарыст стужкі Аляксей Дудараў, ён ніякіх грашовых прыбыткаў ад фільму ўсё роўна не мае:

“Рэжысёры-пастаноўшчыкі, аўтары сцэнарыяў, акрамя кампазітараў, нічога ад гэтага не атрымліваюць. Папулярны фільм “Белыя росы”, аўтарам сцэнару якога з’яўляюся я, мне нічога прыемнага, акрамя эстэтычнага задавальнення, не прыносіць”

На “Беларусьфільме” нам растлумачылі, што сцэнарыст зможа атрымліваць грошы, толькі для гэтага яму неабходна перадаць свае правы кінакампаніі. Гаворыць Наталля Гарашэвіч:

“Калі ў нас любыя тэлеканалы бяруць фільм для паказу, яны аплочваюць нам права тэлевізійнага паказу. І вось у гэтай суме і ляжыць кошт аўтарскага права. І ад кожнага выкарыстання аудыёвізуальнага твору, у адпаведнасці з дагаворам, які аўтар заключаў з кінастудыяй, і здзяйсняецца выплата аўтарскага узнагараджэння”.

За паказ нашых фільмаў плацяць як замежныя тэлеканалы, так і беларускія. Але ж “такса” для ўсіх розная. Беларускія каналы маюць шэраг своеасаблівых “ільготаў”. А наогул аўтарскія правы на паказ не самай яскравай стужкі каштуюць каля 20 тысячаў долараў. Кажа Наталля Гарашэвіч:

“Напэўна, менш, чым беларускае тэлебачанне, ніхто не плаціць нашай роднай студыі. А за межамі нашай краіны – куды толькі пажадаюць, і паўсюль дагаворныя сумы, кожны раз дамаўляемся. Ну, напрыклад, у нас ёсць зусім старыя фільмы, як “Наперадзе круты паварот”, за яго на шэрагу тэлеканалаў каля 20 тысячаў долараў плацяць”.


Фота — http://news-back2.rin.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі