Расія нанесла масіраваны ракетны ўдар па Украіне, ёсць загінулыя
У Чаркасах расіяне трапілі ў сацыяльны аб'ект
Раніцай 21 верасня расійскія войскі нанеслі масіраваны ракетны ўдар па грамадзянскай інфраструктуры Украіны, паведамляе Hromadske. Абломкі ад ракет упалі адразу ў некалькіх раёнах Кіева. Пацярпелі сем чалавек. Траіх шпіталізавалі, яшчэ чацвёра атрымалі дапамогу на месцы, распавёў кіраўнік украінскай сталіцы Віталь Клічко.
Двое пацярпелых у выніку ранішняй атакі ёсць у Харкаве, яны ў бальніцы. Усяго па Харкаву расіяне нанеслі 6 удараў, кажа начальнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Ёсць пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры. Пра "прылёты" расійскіх ракет кажуць і ў Ровенскай вобласці. Выбухі грымелі ў Хмяльніцкім і Чаркасах. У Чаркасах, у прыватнасці, абломкі ўпалі на аб'ект сацыяльнай інфраструктуры. У выніку атакі пацярпелі мінімум пяць чалавек.
Херсон расіяне гэтай ноччу абстралялі з артылерыі, "Градаў", танкаў і авіяцыі, ўжывалі БПЛА. Пад агнём былі і жылыя кварталы. Адзін са снарадаў трапіў у будынак інтэрната. Людзі ў той момант яшчэ спалі, кажа кіраўнік абласной адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. На дадзены момант вядома пра двух загінулых, гэта мужчыны ва ўзросце 29 і 41 год. Яны знаходзіліся ўнутры інтэрната.
Ёсць і пацярпелыя. Адну жанчыну даставілі ў бальніцу ў цяжкім стане. Яшчэ ў траіх чалавек — траўмы сярэдняй цяжкасці.
Пазней у паветраных сілах Украіны ўдакладнілі, што ў ноч на 21 верасня расіяне запусцілі па тэрыторыі Украіны 43 крылатыя ракеты. Пускі рабіліся з 10 самалётаў стратэгічнай авіяцыі з раёна на захад ад Энгельса. Ракеты запускаліся ў некалькі хваляў, у паветраную прастору Украіны ўваходзілі з розных напрамкаў, пастаянна змяняючы курс па маршруце. 36 крылатых ракет украінцы збілі. Па Харкаву былі зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.