Расія можа ўвесці санкцыі супраць Украіны, Грузіі і Малдовы

У расійскім урадзе абмяркоўваюцца тры варыянты таго, як Расія можа абараніць свой ​​унутраны рынак пасля падпісання пагадненняў пра еўраасацыяцыю Украіны, Малдовы і Грузіі. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на працоўны дакумент Мінэканамразвіцця.

Першы варыянт — гэта ўзняць мытныя пошліны, згодна з шостым дадаткам да дамовы аб зоне свабоднага гандлю ў СНД. Чыноўнікі прапаноўваюць выкарыстоўваць гэты варыянт для выпадку з Малдовай.

Другі варыянт — прыпыніць дзеянне дамовы аб зоне свабоднага гандлю для краіны, якая падпісала дамову з ЕС. Па сваіх выніках гэтае дзеянне аналагічнае першаму. Але прыпыненне дамовы больш выгаднае для Расіі з палітычнага меркавання.

Трэці варыянт, самы жорсткі, прадугледжвае ахоўныя меры з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Фактычна ён азначае поўную забарону на гандаль па пэўных таварных групах. Зрабіць гэта можна, кіруючыся 16-м артыкулам Генеральнага пагаднення па тарыфах і гандлі.

Расійскія чыноўнікі кажуць, што ў верасні пройдуць перамовы на ўзроўні міністраў, дзе бакі паспрабуюць дасягнуць кампрамісу. А да гэтага моманту будзе працаваць экспертная група, якая ацэніць рызыкі расійскага боку.

Фота — facenews.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі