Расія можа ўдарыць па дзяржаб'ектах Украіны — 181-я раніца вайны

Кіеў у жніўні 2022-га / @ermaka2022
Кіеў у жніўні 2022-га / @ermaka2022

Расія плануе ўдарыць па грамадзянскай інфраструктуры і дзяржаўных аб'ектах Украіны, піша Reuters са спасылкай на выведдадзеныя ЗША. Ёсць небяспека для мірных жыхароў. "Улічваючы паслужны спіс Расіі ва Украіне, мы занепакоеныя пагрозай, якая захоўваецца, якую расійскія ўдары ўяўляюць для грамадзянскага насельніцтва і грамадзянскай інфраструктуры", — гаворыцца ў паведамленні. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней казаў, што Расія на гэтым тыдні можа пастарацца зрабіць нешта "асабліва жорсткае". Сёння Украіна адзначае Дзень сцяга, заўтра будзе святкаваць Дзень незалежнасці.

Гэтай ноччу пад абстрэламі зноў была Днепрапятроўская вобласць. "Па Крыварожскім раёне ўдарылі "Ураганамі". У Зяленадольскай грамадзе расіяне забілі 45-гадовую жанчыну. Яе муж паранены. Ён у шпіталі", — піша кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Абстрэльвалі і Нікапальскі раён — біла цяжкая артылерыя. У Марганцы пацярпелі дзве жанчыны — 61 і 63 гадоў. Адна з іх у бальніцы. Яе стан медыкі ацэньваюць як сярэдні.

Раніца ў Харкаве пачалася з абстрэлу Кіеўскага раёна, піша кіраўнік горада Ігар Церахаў. Ёсць трапленне ў прыватны дом, але без пацярпелых. Акрамя таго, у Харкаве гэтай ноччу гарэў адзін з заводаў, паведамляе УНІАН. Але ўдакладняе, што "папярэдне — гэта не "прылёт".

Россия может ударить по гособъектам Украины — 181-e утро войны
Пажар на заводзе ў Харкаве / фота з сацсетак

Расійскія войскі працягваюць абстрэльваць грамадзянскую інфраструктуру і пазіцыі УСУ па ўсёй лініі судакранання. Супернік спрабуе наступаць на шэрагу напрамкаў, украінскія ваенныя адбілі штурмы. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Напярэдадні расійскія войскі правялі лакальныя атакі на паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе ад Ізюма, працягвалі наземныя атакі на паўднёвым ўсходзе ад Северска і на паўночным усходзе і поўдні ад Бахмута, адзначаюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Акрамя таго, расіяне працягвалі спробы наступаць з паўночных і заходніх ускраін Данецка і праводзілі абмежаваныя наземныя атакі на паўднёвы захад ад Данецка.

Украінскае агенцтва УНІАН сцвярджае, што маці расійскіх ваенных пішуць прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну — просяць дапамагчы. Па словах жанчын, да іх сыноў ставяцца як да "быдла" і "расходнага матэрыялы", дрэнна кормяць, не даюць нармальнай экіпіроўкі, не адпускаюць ў звальненне і не даюць магчымасці звольніцца датэрмінова.

Россия может ударить по гособъектам Украины — 181-e утро войны
Зварот у Адміністрацыю прэзідэнта РФ / @uniannet

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый стварыла камісію па расследаванні нападу на ўкраінскую турму ў Аленаўцы. Але прыступіць да расследавання камісія пакуль не можа — няма гарантый бяспекі ні ад Украіны, ні ад РФ. Пра гэта заявіў спікер Генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык, ягоныя словы прыводзіць CNN.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў чарговым звароце гаварыў аб другім саміце Крымскай платформы — міжнароднай пляцоўцы, дзе абмяркоўваюцца шляхі дэакупацыі Крыма. Паводле слоў Зяленскага, гэты саміт абяцае быць больш прадстаўнічым. Удзел у ім пацвердзілі 48 краін, у тым ліку краіны Еўропы, Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Таксама свой удзел у форуме пацвердзіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг. Саміт пройдзе сёння ў анлайн-фармаце.

Нідэрланды выдзеляць Украіне больш за 65 мільёнаў еўра дапамогі для аднаўлення пацярпелых рэгіёнаў. Пра гэта распавядае "Укрінфарм" са спасылкай на міністра знешняга гандлю і супрацоўніцтва па пытаннях развіцця Нідэрландаў Ліс'е Схрэйнемахер. Грошы пойдуць нідэрландскім кампаніям, якія будуць аднаўляць мосты, дамбы і бальніцы. Частку сродкаў накіруюць на падтрымку ўкраінскага малога і сярэдняга бізнесу.

ЗША не падтрымлівае агульную забарону на выдачу віз для грамадзян Расіі, пра гэта піша CNN са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпу. Чыноўнік патлумачыў, што "ЗША не хацелі б зачыняць шляхі для расійскіх дысыдэнтаў ці іншых людзей, якія з'яўляюцца уразлівымі да парушэнняў правоў чалавека".

Германія не гатовая перадаць Украіне больш зброі і, такім чынам, аслабіць сваё войска. Павялічыць пастаўкі прапаноўвалі дэпутаты Бундэстага, нямецкае Мінабароны адказала адмовай. Аб гэтым піша Deutsche Welle. Па словах чыноўніка, "мы павінны быць гатовыя да таго, што Пуцін скарыстаецца любой слабасцю і нават часовым дзіркай у абарончай гатоўнасці НАТА".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі