Расія дала Беларусі час да 6 ліпеня

Генадзь Анішчанка заяўляе, што Беларусь спрабуе сарваць дамоўленасці па малацэ, а гэта можа прывесці да новага прыпынення паставак малочнай прадукцыі з Беларусі (абноўлена).
Беларускі бок спрабуе сарваць дасягнутыя дамоўленасці па "малочным
пытанні" і тэхрэгламенце. Гэта можа прывесці да адмены пераходнага
перыяду і новага прыпынення паставак малочнай прадукцыі з Беларусі ў
Расію.

З такой заявай выступіў галоўны дзяржаўны санітарны лекар
суседняй краіны Генадзь Анішчанка, перадае РІА “Новости”.

Паводле яго
слоў, расійскі бок дапусціў на свой рынак больш за 400 найменняў
беларускай малочнай прадукцыі з умовай выканання да канца ліпеня ўсіх
патрабаванняў расійскага заканадаўства. Разам з тым, з моманту
дасягнення дамоўленасцяў для экспертызы з боку Беларусі паступіла
толькі каля 30 узораў, адзначыў Анішчанка.

"Гэтая сітуацыя пачынае ацэньвацца намі як планамерная праца з боку Беларусі па зрыве дасягнутых дамоўленасцяў", — дадаў ён.

Анішчанка не выключыў, што ўвоз беларускіх малочных прадуктаў зноў будзе прыпынены.

Нагадаем, Расіі і Беларусі 17 чэрвеня ўдалося ўрэгуляваць "малочную праблему" на ўмовах увядзення пераходнага перыяду да канца ліпеня, калі беларуская прадукцыя па ўзгодненых спісах будзе пастаўляцца ў Расію па старых дазволах. Разам з тым, абавязковай умовай падпісанага пратаколу было абавязак беларускага боку прывесці санэпідэпзаключэнні на прадукцыю ў адпаведнасць з расійскім тэхрэгламентам да канца пераходнага перыяду. Для гэтага вытворцы і пастаўшчыкі павінны накіраваць узоры прадукцыі ў акрэдытаваныя Расспажыўнаглядам лабараторыі.

"Праведзены намі аналіз кажа пра тое, што ўжо сёння беларускі бок не ў стане будзе выканаць узгодненыя ёю ж умовы пастаўкі на расійскі рынак малочнай прадукцыі", — сказаў Анішчанка.

Ён заявіў, што прапаноўвае беларускаму боку "прадставіць дакументальныя пацвярджэнні жадання, а таксама парадку выканання ўзятых на сябе абавязкаў ва ўсталяваныя тэрміны".

"Калі да 6 ліпеня мы не атрымаем гэтых пацвярджэнняў, мы пакідаем за сабой права тлумачыць пратакол ад 17 чэрвеня з улікам ізноў выяўленых акалічнасцяў", — заявіў галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расіі.

Ён падкрэсліў, што сённяшнія дамоўленасці паміж Расіяй і Беларуссю па малочнай тэме "пакуль не закранаюць уласна якасць беларускай прадукцыі, да якой у нас ёсць пэўныя пытанні, якія мы планавалі абмеркаваць на наступным этапе".

Расспажыўнагляд адмовіўся каментаваць Еўрарадыё, якія канкрэтна дакументы павінна падаць Беларусь да 6 ліпеня.

Прэс-сакратар арганізацыі Расспажыўнагляда Любоў Варапаева: “Мінск ведае, якія дакументы. Усе пытанні да беларускага боку”.

Фота: actualcomment.ru