Вы тут

Расхістаць і пасеяць страх: міліцыя паказала, хто і як "парушае" ў "Тэлеграме"

Генадзь Казакевіч / Фота: Еўрарадыё

13 ліпеня намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч распавёў, хто і як, на думку беларускай міліцыі, парушае закон у "Тэлеграме". Падчас онлайн-канферэнцыі аб "тэлеграм-пагрозах" паказалі людзей, затрыманых за каментары ў ТГ-чатах і нават за паведамленні ў асабістыя. Сабралі ўсё цікавае, што расказаў Казакевіч.

Ціск

Казакевіч лічыць, што выбарчая кампанія ў гэтым годзе суправаджаецца нябачаным інфармацыйным ціскам, маніпуляваннем грамадскім меркаваннем, дыскрэдытацыяй органаў улады і кіравання. Інтэрнэт шырока выкарыстоўваецца для запалохвання людзей, якія падтрымліваюць дзяржаву. У тым ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Гучаць пагрозы і абразы на іх адрас. 

З іншага боку, у тых, хто карыстаецца паліттэхналогіямі для расхіствання сітуацыі ў краіне, стаіць задача пасеяць няўпэўненасць і страх у саміх супрацоўніках органаў унутраных спраў, усяліць у іх немагчымасць або нежаданне выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы па ахове грамадскага парадку і барацьбы са злачыннасцю.

Цкаванне

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і члены іх сем'яў падвергліся цкаванню.

"Няма сэнсу агучваць гэтую мярзоту, але пры гэтым я мяркую, што ўсе інтэрнэт-карыстальнікі разумеюць, што нічога агульнага з грамадзянскай пазіцыяй, бачнай будучыняй сваёй краіны гэтыя негатыўныя выказванні не маюць", — каментуе Генадзь Казакевіч.

Разгром ТГ-канала "Армія з народам"

У чэрвені міліцыя наткнулася на тэлеграм-канал "Армія з народам". "У неспрактыкаванага карыстальніка рэсурса складвалася ўражанне, што арганізатары пазіцыянуюць сябе як дзеючыя супрацоўнікі Міністэрства абароны, органаў унутраных спраў, органаў унутраных войск і іншых сілавых ведамстваў. І былыя супрацоўнікі, якія мала таго, што не згодныя з існуючым рэжымам у нашай краіне, дык яшчэ і гатовыя нашаму рэжыму процідзейнічаць", — тлумачыць прычыны ўвагі з боку сілавікоў Казакевіч.

Але ўсё гэта — не падстава для затрымання. Міліцыя зрэагавала на заклікі да супраціву супрацоўнікам ОУС і ўнутраных войск падчас магчымых масавых пратэстаў, каардынацыю "радыкальна настроеных грамадзян" і іх спробы зразумець, як трэба дзейнічаць, калі сілавікі зробяць правакацыю супраць саміх сябе, а потым скарыстаюцца ёю як падставай для рэпрэсій.

Затрыманыя трое адміністратараў канала "Армія з народам". Вось якія іх каментары сталі падставай для гэтага:

Свабода слова

Генадзь Казакевіч асабліва падкрэслівае, што міліцыя не лічыць сваю "дзейнасць у інфармацыйным полі" прыгнётам іншадумства або свабоды слова. "Мы з павагай ставімся да тых грамадзян, хто, не хаваючы сябе, выказвае сваё бачанне будучага развіцця нашай краіны. Але мы не пацерпім абраз, пагроз дзяржслужачым, членам выбарчых камісій, журналістам, грамадскім актывістам, ужо тым больш супрацоўнікам [ОУС] і членам іх сем'яў. Асабліва калі гэтыя пагрозы здзяйсняюцца ананімна і цішком. Такім чынам, кожны канапавы троль і віртуальны баец павінен быць гатовы да таго, што пасля чарговага закліку, каментара, ліста, якія змяшчаюць пагрозу і абразы, і паклёп, у любой форме, мы яго знойдзем і прыцягнем да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці", — рэзюмуе намеснік міністра.

Крымінальныя справы

Па фактах пагроз прымянення гвалту, знявагі на адрас супрацоўнікаў міліцыі ўжо распачатыя тры крымінальныя справы. Яшчэ 30 заяў аб цкаванні, пагрозах, паклёпе з дапамогай тэлеграм-каналаў чакаюць прававой ацэнкі.

Ці магчыма заблакаваць "Тэлеграм"?

"Маё асабістае меркаванне, што з тэхнічнага пункту гледжання нельга, з інфармацыйнага пункту гледжання, проста па-дурному блакаваць не толькі тэлеграм-каналы, але і якія-небудзь інтэрнэт-рэсурсы. Чаму? Таму што інтэрнэт нельга забараніць, як нельга забараніць паветра", — разважае Генадзь Казакевіч. Але адразу дадае, што ў выпадку "пагрозы нацыянальнай бяспецы" або "распаўсюджвання любой дэструктыўнай інфармацыі" міліцыя можа блакаваць доступ беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту да любога рэсурсу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.