Рашэнне па вуліцы Каліноўскага ў Брэсце будзе прынята цягам трох месяцаў

Як распавядала Еўрарадыё, безыменная вуліца з'явілася пасля будаўніцтва новага моста праз раку Мухавец. Мясцовыя актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" выступілі з прапановай назваць гэтую вуліцу ў гонар Кастуся Каліноўскага. Яны зладзілі збор подпісаў, якія пазней перадалі ў гарвыканкам.



Адзін з ініцыятараў кампаніі Яўген Скрабец распавёў Еўрарадыё, што 8 студзеня маладафронтаўцы атрымалі афіцыйны адказ ад кіраўніцтва горада. У ім паведамляецца, што прапанова будзе разгледжана на кардыянацыйным савеце па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў першым квартале 2014-га.



Скрабец: "Мы спадзяемся, што нашу прапанову вывучаць больш глыбока і прымуць станоўчае рашэнне з улікам тых фактаў, на якія мы спасылаліся. Гэта — 150-я гадавіна паўстання і адсутнасць у горадзе вуліцы Каліноўскага, хаця Каліноўскі, як персона, з'яўляецца героем усёй Беларусі, а не толькі канкрэтнага рэгіёна".


Нагадаем, Кастусь Каліноўскі — кіраўнік вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве, адзін з выдаўцоў нелегальнай беларускамоўнай газеты "Мужыцкая праўда". У 1864 годзе ён быў арыштаваны расійскімі ўладамі і пакараны смерцю ў Вільні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі