Работнікі "Гомсельмаша" фарбуюць гарматы і вайсковую тэхніку — Радыё "Свабода"

Гомельскі радыёзавод / Яндэкс

Гомельскі радыёзавод цяпер рамантуе расійскую вайсковую тэхніку, якая прыйшла пабітай з франтоў ва Украіне. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Некалькі дзён таму мясцовая тэлевізія паведаміла, што радыёзавод далучылі да холдынгу "Гомсельмаш". Гаварылася, што холдынг нарошчвае аб’ёмы вытворчасці "ў тым ліку дзякуючы беларуска-расійскаму праекту па імпартазамяшчэнні". Які менавіта гэта праект, у тэлесюжэце не ўдакладнялі.

Крыніцы "Свабоды" кажуць, што гаворка ідзе пра рамонт вайсковай тэхнікі: "Прынамсі, цяпер ездзяць работнікі "Гомсельмаша" ў камандзіроўкі на радыёзавод і фарбуюць там гарматы і вайсковую тэхніку. Сам радыёзавод яшчэ два-тры гады таму быў цалкам труп, за тры апошнія гады скарацілі персанал з 550 да 160 чалавек, распрадавалі маёмасць. Цяпер у іх нейкі сакрэтны беларуска-расійскі праект, няцяжка здагадацца які".

Іншая крыніца паведамляе, што падземныя цэхі радыёзавода цяпер занятыя вайскоўцамі: "Там ёсць закрытыя падземныя цэхі. Там цяпер толькі вайскоўцы, цывільных туды і не дапускаюць. Вайскоўцы заязджаюць туды на сваёй тэхніцы, прычым без надгляду".

На сайце радыёзавода паведамляецца, што там вырабляюцца камплекты запасных частак і абсталявання да гармат-гаўбіц "Хіцін", самаходнай гаўбіцы "Акацыя" і гарматы "Гіяцынт-Б". Акрамя таго на заводзе робяць капітальны рамонт і мадэрнізацыю зенітна-ракетных комплексаў С-300В, "Страла-10М", "Бук", радыёлакацыйных станцый "Неба", аўтаматычнага мінамёта "Васілёк" і іншых, рамантуюць і мадэрнізуюць вайсковую тэхніку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.