Вы тут

Работніка, з-за “разгільдзяйства” якога ўпаў корпус рэактара АЭС, звольнілі

На архіўным здымку — Аляксандр Лукашэнка знаёміцца з планамі будаўніцтва Беларускай АЭС. Фота: БЕЛТА

Работніка, з-за “разгільдзяйства” якога быў пашкоджаны корпус рэактара Астравецкай АЭС, звольнілі. Пра гэта ў інтэрв’ю літоўскай тэлерадыёвяшчальнай кампаніі LRT распавёў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. Здарэнне адбылося на будаўнічай пляцоўцы атамнай станцыі ў ноч з 9 на 10 ліпеня 2016 года. Корпус рэактара з дапамогай пад’ёмнага крану пераносілі з аднаго месца на другое на вышыні чатырох метраў. Яго замацавалі з перакосам і ён, пасля паломкі крану, нахіліўся і “датыкнуўся зямлі”. З Расіі давялося везці новы корпус. У снежні 2016-га падчас перавозкі здарыўся новы інцыдэнт — на чыгунцы ён закрануў апору кантактнай сеткі.

У згаданым інтэрв’ю Міхадзюк кажа, што летам 2016 года прычынай здарэння стала парушэнне тэхналогіі пад’ёму корпуса адной з падрадных арганізацый. “Калі яго паднялі на 4 м[етры], ён “саслізнуў”, — кажа намеснік міністра. — Гэта нават нельга назваць памылкай, гэта проста разгільдзяйства таго адказнага інжынерна-тэхнічнага работніка, які прысутнічаў пры пад’ёме. Гэта значыць гэты выпадак — вынік безадказнасці аднаго выканаўцы, а не сістэма… Ён быў адразу звольнены”.

Як вядома, запуск першага энергаблока Астравецкай АЭС запланаваны на снежань 2019 года.