"Расатам": Мы гатовыя замяніць корпус рэактара на Беларускай АЭС

"Расатам": Мы гатовыя замяніць корпус рэактара на Беларускай АЭС

Расійскі падрадчык гатовы замяніць корпус першага рэактара на Беларускай АЭС. Пра гэта заявіў першы намеснік гендырэктара расійскай дзяржаўнай карпарацыі "Расатам" Аляксандр Локшын у інтэрв'ю, размешчаным  на сайце гэтай установы.

Чыноўнік паведаміў, што інцыдэнт на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС адбыўся ў ноч з 9 на 10 ліпеня. Корпус рэактара пераносілі з аднаго месца на другое на вышыні чатыры метры, калі паламаўся пад'ёмны кран. Сам корпус замацавалі з перакосам. Паўгадзіны ён вісеў, нахіляючыся ўсё больш, пакуль не "датыкнуўся да зямлі".

"Расатам": Мы гатовыя замяніць корпус рэактара на Беларускай АЭС

"У ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацый выконвала аперацыі па перамяшчэнні корпуса рэактара з аднаго лажамента на другі. Натуральна, гэта адбывалася па-за будынкам рэактарнага аддзялення, бо ішла яшчэ толькі падрыхтоўка да ўздыму корпуса рэактара ў энергаблок. Корпус рэактара планавалася перамясціць на адлегласць каля 10 метраў, не змяняючы яго гарызантальнага становішча. Аднак, пры страпоўцы субпадрадчыкам былі дапушчаныя адхіленні ад інструкцыі, з-за якіх адбыўся перакос грузу пры яго ўздыме.

На вышыні каля 4 метраў (пры даўжыні вырабу 11 метраў) з'явілася няспраўнасць пад'ёмнага крана, з прычыны чаго корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны. Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, даткнуўшыся да зямлі".

Усё здарэнне было зафіксаванае на відэа. Па словах Локшына, нават у момант "дотыку да зямлі" большая частка вагі корпуса (больш за дзве траціны) прыпадала на кран. А хуткасць руху корпуса не перавышала хуткасці пешахода.

"На працягу ўсяго працэсу вялася няспынная відэаздымка і забяспечвалася рэгістрацыя намаганняў на круку крана. Нават у момант дотыку зямлі асноўная вага вырабу — больш за дзве траціны — утрымлівалася кранам. Таму выкарыстоўваць такія словы як "удар аб зямлю" ці "падзенне" няправільна, гэта ўводзіць людзей у зман, паколькі скажае сутнасць таго, што адбылося, бо хуткасць руху корпуса не перавышала хуткасці пешахода".

Чаму ж будаўнікі так доўга маўчалі пра здарэнне на будаўніцтве АЭС. Чыноўнік заяўляе, што з корпусам не здарылася нічога надзвычайнага, таму не было патрэбы публічна пра гэта заяўляць. На ім толькі падрапалася фарба, кажа Локшын.

"У атамнай галіны ёсць выразныя рэгламенты і правілы, якія вызначаюць, што з'яўляецца падзеямі, пра якія трэба інфармаваць наглядныя органы і грамадскасць. Яны апісваюць памер шкоды або ўздзеяння на персанал, абсталяванне і навакольнае асяроддзе. У дадзеным выпадку ніякай падзеі, што прывяла б да якой-небудзь шкоды, не адбылося. Максімум пра што можна казаць - пра сцёртую на корпусе заводскую фарбу з-за трэння металічных стропаў".

Прадстаўнік "Расатама" распавёў, што за парушэнне пакаралі субпадрадную арганізацыю. Работнікі, вінаватыя ў парушэнні, ужо адхіленыя ад сваіх абаязкаў і больш ніколі не будуць працаваць на аб'ектах расійскай карпарацыі. А з корпусам, заяўляе Локшын, не адбылося нічога: нават нагрузка на яго падчас здарэння была значна ніжэйшая за тую, што будзе падчас працы.

"Субпадрадная арганізацыя панесла адпаведнае пакаранне, а яе работнікі, вінаватыя ў гэтым парушэнні, адхіленыя ад выканання абавязкаў і больш ніколі не будуць дапушчаныя да работ на нашых атамных аб'ектах. Але, падкрэсліваю, не таму, што адбылося нешта з корпусам. Іх памылка па факце прывяла да спынення мантажу абсталявання. Больш за тое, у інфармацыйным полі паўсталі сумневы ў мэтазгоднасці выкарыстання гэтага корпуса, што як мінімум з'яўляецца рэпутацыйнай шкоды. Вось у чым віна гэтых людзей і ў цэлым субпадраднай арганізацыі.

Што ж тычыцца корпуса, то ніводнае з істотных уздзеянняў, якія маглі б прывесці да змены яго ўласцівасцяў, ён не зазнаў. Паказанні прыбораў і разлікі пераканаўча даказваюць, што максімальная нагрузка на корпус была шматкроць менш дапушчальнай і ў паўтара раза ніжэй нават той, якую ён вытрымлівае бесперапынна ў рэжыме нармальнай эксплуатацыі на працягу шасцідзесяці гадоў".

Дадатковыя даследаванні  правялі спецыялісты галоўнага канструктара рэактарнай устаноўкі ДКБ "Гідрапрэс" і вытворцы корпуса завода "Атаммаш".  У тым ліку яны правялі ультрагукавы кантроль металу і дэфектаскапіі зварных злучэнняў. "Вынікі пацвердзілі, што ніякіх зменаў стану корпуса не адбылося", — сцвярджае Локшын.

Тым не менш расійская карпарацыя дапускае, што беларускі бок не захоча выкарыстоўваць гэты корпус — "каб пагасіць хвалю чутак і ажыятаж сярод часткі насельніцтва". У такім разе расійскі бок паставіць на першым рэактары корпус, які прызначаўся для другога рэактара. Яго выраб цяпер завяршаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі