Вы тут

Рабаўнікоў ювелірнай крамы "Яхант" знайшлі дзякуючы відэакамерам

Крама "Яхант" / Еўрарадыё

Рабаўнікоў ювелірнай крамы "Яхант" удалося знайсці дзякуючы запісам на вулічных відэакамерах. Пра гэта міністр унутраных спраў Юрый Караеў распавёў у праграме "Размова ў прэзідэнта", якая выйшла ў тэлеэфір увечары 5 верасня.

Па яго словах, супрацоўнікі міліцыі зрабілі вялікую працу па праглядзе запісаў з відэакамер у раёне ювелірнай крамы. Яны знайшлі здымкі, як рабаўнікі падыходзяць да "Яханта" і як уцякаюць. "І тое, што яны вырвалі блок відэаназірання з крамы, ім не дапаможа", — дадаў міністр.

Відэакамеры зафіксавалі шлях зламыснікаў пасля рабавання. Удалося зняць і тое, як рабаўнікі выкідаюць у Свіслач нейкі прадмет. Пазней вадалазы дасталі з гэтага месца вінчэстар, скрадзены з крамы.

Два падазраваныя ўжо прызналі сваю віну. 

Дзёрзкае рабаўніцтва адбылося ў суботу, 17 жніўня. Пасярод дня два мужчыны зайшлі ў ювелірную краму, распылілі пярцовы газ, забралі ўсе ўпрыгажэнні з вітрыны і ўцяклі. 

Пра затрыманне падазраваных праваахоўнікі паведамілі 4 верасня. Гэта два мужчыны 36 і 37 гадоў. Таксама іх правяраюць на датычнасць да трох разбойных нападаў на прыватныя дамы ў Мінску. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.