Вы тут

Пытанняў больш, чым адказаў: што мы ведаем пра кітайскую вакцыну ад COVID-19

Вытворчасць вакцыны Coronavac / Reuters

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падчас нядаўняй размовы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў пра гатоўнасць Кітая пастаўляць у Беларусь сваю вакцыну ад каранавіруса. Такім чынам, у краіне можа з'явіцца альтэрнатыва расійскаму "Спадарожнік V".

Што за кітайская вакцына ад COVID-19, наколькі яна эфектыўная і дзе ўжываецца, высвятляла Еўрарадыё.

Што за Coronavac

У Кітаі распрацоўваюцца некалькі вакцын, аднак цяпер найбольш актыўна на замежныя рынкі "прапіхваецца" Coronavac ад кампаніі Sinovac.

У адрозненне ад большасці іншых аналагаў (ад той жа Pfizer або Moderna) Coronavac распрацавана па "старой схеме" — гэта інактываваная вакцына. Кажучы максімальна проста, большасць вакцын распрацоўвалася на аснове "забітых" вірусных часціц. Яны ўводзяцца ў арганізм, пасля чаго выпрацоўваюцца антыцелы. Сучасныя ж даследаванні выкарыстоўваюць элементы РНК (макрамалекул).

Спрэчкі пра тое, ці дастаткова эфектыўныя вакцыны на базе РНК або лепш выкарыстоўваць інактываваныя, вядуцца даволі доўга. Але адказаць на гэтае пытанне змогуць толькі час і маштабныя клінічныя выпрабаванні.

Якая эфектыўнасць ў вакцыны?

Ніхто не ведае. Як і ў выпадку з расійскім "Спадарожнікам", кітайскія распрацоўшчыкі досыць закрытыя ў сваёй працы. Атрыманыя ад стваральнікаў Coronavac звесткі нярэдка падпадаюць пад сумненні: няма ўпэўненасці ў якасці выпрабаванняў, якія праводзіліся, дый у цэлым у верагоднасці звестак.

Першапачаткова заяўлялася пра эфектыўнасць вакцын на ўзроўні каля 80%. Але потым, па ходзе выпрабаванняў у розных краінах, пачалося дзіўнае.

У пачатку студзеня Бразілія абвясціла, што Coronavac мае эфектыўнасць усяго 50,38%. Гэтыя звесткі былі атрыманы пасля выпрабавання на 12,5 тысячы чалавек. У той жа час абаронцы вакцыны апелявалі да Турцыі: маўляў, там заяўлена аб эфектыўнасці ў 91,25%. Нюанс: па выніках прамежкавага (!) аналізу 29 выпадкаў (!), заснаванага на звестках толькі 1322 удзельнікаў. Наўрад ці такое даследаванне можна назваць хоць колькі-небудзь дакладным.

Турцыя вырашыла дазволіць кітайскую вакцыну / Reuters

Цяпер працягваецца трэцяя фаза выпрабаванняў вакцыны. У той жа Турцыі, напрыклад, яе ўжо дазволілі ўжываць у выключных выпадках. Але іншыя краіны не спяшаюцца: так, амерыканская FDA чакае канца выпрабаванняў і толькі пасля гэтага пачне сваю праверку.

"Палітычная воля" vs. рэальнасць

Пры наяўнасці "палітычнай волі" Беларусь зможа атрымаць і выкарыстоўваць Coronavac да канца клінічных выпрабаванняў і без ухвалення СААЗ. Далей усё будзе залежаць ад таго, ці гатовыя асабіста вы пайсці на рызыку.

Але ёсць і іншы нюанс: Кітай актыўна прасоўвае гэту вакцыну ў шэраг досыць населеных краін свету, уключаючы тую ж Бразілію. Пры гэтым кампанія Sinovac гатовая вырабляць толькі 300 мільёнаў доз у год. Улічваючы, што кожнаму трэба па дзве прышчэпкі, гэтага хопіць 150 мільёнам чалавек — гэта крыху больш за 10% насельніцтва самога Кітая. З улікам такой абмежаванай колькасці доз ці атрымае Беларусь дастаткова для маштабнай вакцынацыі? Сумнеўна.

А якія яшчэ ёсць вакцыны з Кітая?

Як мінімум дзве інактываваныя вакцыны ад каранавіруса вырабляе кітайская Sinopharm. Адна з іх знаходзіцца цяпер у трэцяй фазе клінічных выпрабаванняў, звесткі пра эфектыўнасць — каля 80%, аднак якасць даследаванняў таксама выклікае пытанні.

Распрацоўваюць кітайскія фармкампаніі і некалькі іншых вакцын, але яны пакуль не ўжываліся хоць колькі-небудзь шырока, і судзіць пра іх нельга.

Навошта Кітаю столькі вакцын?

Ратаваць свет — справа высакародная, дый уласныя 1,4 мільярда насельніцтва трэба неяк зберагчы. Але пакуль што ўлады КНР актыўна прасоўваюць свае распрацоўкі ў іншыя краіны.

Напрыклад, афіцыйны Пекін ужо прапанаваў пазыку ў мільярд долараў для краін Лацінскай Амерыкі на набыццё вакцыны. Па сутнасці, гэта тыя ж звязаныя крэдыты, якія выдатна знаёмыя Беларусі. Такія ж пазыкі прапаноўваліся і краінам Афрыкі.

Рынкі краін Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі — смачны кавалак: насельніцтва велізарнае і вакцын трэба нямала. Такім чынам, можна зарабіць. І — у тэорыі — атрымаць дадатковыя палітычныя ачкі. Магчыма, плануе КНР і экспансію на еўрапейскія рынкі — ва ўсякім разе, ужо вядома пра магчымыя пастаўках вакцын ва Украіну. Пры гэтым Еўрасаюз пакуль не спяшаецца з ухваленнем вакцын з Паднябеснай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.