Вы тут

Пяць з паловай: хто ў Беларусі збіраецца стварыць партыю

Прыхільнікі розных палітычных плыняў падчас праўладнага і незалежнага маршаў у Мінску 19 кастрычніка 2020 года / Еўрарадыё

Лета і восень 2020 года — перыяд небывалай палітычнай актыўнасці ў гісторыі Беларусі. На адным флангу — вулічныя пратэсты, забастоўкі і “Народны Ультыматум”, на другім — канстытуцыйная рэформа і звязаныя з ёю пераўтварэнні ў структуры ўлады.

Шмат што паказвае на тое, што ў Беларусі будзе штучна створана “шматпартыйная сістэма”, нейкім чынам адрозная ад “шматпартыйнай сістэмы”, якая існуе цяпер. На пачатку верасня пра “шматпартыйную сістэму” ў інтэрв'ю расійскім СМІ казаў Аляксандр Лукашэнка. А за апошнія два месяцы ў Беларусі “намалявалася” ўжо 5 (!) ініцыятыў па стварэнні партый.

І што гэта будуць за партыі?
 

Дзяржаўныя людзі з “Белай Русі”

“Белая Русь”, якая існуе ўжо 13 гадоў і з’яўляецца своеасаблівай ідэалагічнай апорай рэжыму Лукашэнкі, афіцыйна мае статус грамадскага аб'яднання. Раней тое, што гэта не партыя, а менавіта грамадскае аб’яднанне, было прынцыповай пазіцыяй.

“Навошта мне сёння штучна ствараць зверху нейкую партыю? Для чаго? Каб дзяржаўныя службоўцы, чыноўнікі сядзелі і ў дзяржаўных фатэлях, i ў партыях на грамадскіх крэслах?” — яшчэ ў 2006 годзе казаў пра немэтазгоднасць стварэння партыі Лукашэнка.

“Я не лічу, што нам патрэбна станавіцца партыяй”, — яшчэ ў жніўні 2019 года казаў кіраўнік абʼяднання Генадзь Давыдзька. Прайшоў год — і сітуацыя кардынальна змянілася.

Падобна да таго, што нам трэба фармаваць партыю. Папярэдняя ўмоўная назва — партыя народнага адзінства "Белая Русь". Слова “адзінства”, прадугледжвае правацэнтрысцкую партыю з добрым левым моладзевым крылом, з сацыяльнымі гарантыямі, заявіў у гэту сераду кіраўнік “Белай Русі”.

Хто будзе кіраваць партыяй, якую, без усялякіх сумневаў, зарэгіструюць у найбліжэйшы час, пакуль невядома. "Гэта павінен быць малады ўпэўнены дзяржаўнік", — сказаў Давыдзька.

Пасля рэгістрацыі партыя мае стаць самай вялікай у Беларусі: на сёння ў “Белай Русі” заяўляюць, што маюць амаль 200 тысяч удзельнікаў. Пераважна гэта бюджэтнікі: настаўнікі, чыноўнікі, медыкі ды супрацоўнікі дзяржарганізацый.

Намеснік кіраўніка “Белай Русі” Аляксандр Шацько 22 кастрычніка расказаў, што аб’яднанне магло стварыць партыю яшчэ ў 2015-м. Але тады вырашылі “не паўтарацца”, у тым ліку з КПСС. Сёння сітуацыя іншая: “Мы бачым сёння, што большая частка сябраў нашага аб’яднання гатовы да пераходу ў партыйнае будаўніцтва”, — кажа Шацько. Пра кірунак партыі: правацэнтрызм ці левацэнтрызм — яшчэ ёсць унутраныя спрэчкі.
 

“Русафілы”: ад паганства да праваслаўя

У 2019 годзе кіраўніку прарасійскай ініцыятывы “Саюз” Сяргею Лушчу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты праз недастатковую колькасць подпісаў. Сёння дзяржТБ вяшчае пра тое, што партыя, якую стварае Лушч, можа быць зарэгістраваная да канца 2020 года.

Мы зрабілі заяву арганізацыйнага камітэта, і на наступны дзень на нас абрынуўся шэраг званкоў, зваротаў. Людзі гатовы і чакалі [партыі], — заявіў у сераду Лушч.

Па ягоных словах, “дастаткова вялікая частка жыхароў Рэспублікі Беларусь насамрэч не мела такой пляцоўкі, платформы для кансалідацыі”.

37-гадовы Лушч актыўна выступае на прарасійскіх рэсурсах. Ён прыхільнік больш цеснай інтэграцыі з Расіяй, праводзіць мерапрыемствы ў падтрымку РПЦ. Але ж у біяграфіі Лушча ёсць і іншыя старонкі: “Наша Ніва” піша, што ён быў “валхвом” паганскай секты ды меў кантакты з неанацыстамі. Але гэты бэкграўнд, мяркуючы па ўсім, не перашкаджае стварыць сваю партыю ў Беларусі.

Дарэчы, яшчэ адну прарасійскую партыю збіраецца стварыць Аляксандр Скурчаеў — колішні супрацоўнік “Белпошты” са Светлагорска, а цяпер “віцэ-прэзідэнт па блакчэйн-тэхналогіях Нацыянальнай Асацыяцыі лічбавай эканомікі”. Але пра гэта пакуль амаль нічога не вядома — акрамя таго, што падчас выступу на сустрэчы клуба “Добрые русские люди” ў Маскве Скурчаеў крыху расказаў пра партыйнае будаўніцтва і кансалідацыю.

Рэфармісты: партыя Віктара Бабарыкі

У апошні дзень жніўня штаб экс-банкіра Віктара Бабарыкі анансаваў стварэнне партыі “Разам”. На “Ютубе” быў апублікаваны зварот ужо даўно затрыманага на той момант Бабарыкі ды Марыі Калеснікавай. Зварот быў запісаны загадзя — то-бок каманда Бабарыкі ад самага пачатку мела план па стварэнні партыі ў выпадку, калі з выбарамі ўсё будзе складана.

— Мы разумеем, што прыйшоў час абʼявіць аб працягу нашай барацьбы, але ўжо з наяўнасцю нейкай арганізацыйнай формы, у якую мы маглі б абʼяднаць усіх прыхільнікаў, — кажа ў відэазвароце Бабарыка.

Галоўнай мэтай стварэння партыі Бабарыка і Калеснікава называлі канстытуцыйную рэформу ды развіццё эканомікі.

Відавочна, што цяпер, калі і Бабарыка, і Калеснікава знаходзяцца ў СІЗА, а “касцяк” штаба зʼехаў за мяжу, правесці арганізацыйны сход ды падаць дакументы на рэгістрацыю партыі не атрымаецца. А нават калі б гэта і было зроблена, шанцаў на рэгістрацыю не вельмі шмат.

 

Нацыянал-дэмакраты: яшчэ адна ідэя Канапацкай

На піку палітычнага крызысу былая дэпутатка і кандыдатка ў прэзідэнты Ганна Канапацкая таксама анансавала стварэнне ўласнага грамадскага абʼяднання і партыі. Пры гэтым яна зноў дазволіла сабе “шпільку” ў бок штаба Бабарыкі ды Каардынацыйнай рады.

— Магчыма, мы не такія “неймаверныя”, як іншыя ў гэтай палітычнай кампаніі, але мы дакладна ведаем, што робім, казала яна.

Па яе словах, плануецца нацыянал-дэмакратычная партыя. Хто ўвайшоў у аргкамітэт, Канапацкая не гаварыла. На якім этапе цяпер знаходзіцца стварэнне новай структуры, таксама невядома. Але ж перспектывы рэгістрацыі таксама дастаткова цьмяныя.

 

Тэхнакраты: Цапкала без канкрэтыкі

Пра магчымасць стварэння ўласнай партыі былы кіраўнік ПВТ і экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Валерый Цапкала заявіў, каментуючы ініцыятыву штаба Бабарыкі, да якой ён ставіўся як да не вельмі своечасовай.

— Я нічога не маю супраць палітычнай партыі. І напэўна, я таксама ствару палітычную партыю. Пытанне проста ў тым, чым займацца цяпер, якім цяпер мусіць быць парадак дня,казаў Цапкала. 

Цяпер палітык разам з жонкай Веранікай у вымушанай эміграцыі. Публічных рухаў па стварэнні партыі ён не робіць.

Вераніка і Валерый Цапкалы / з фэйсбук-акаўнта Веранікі Цапкала

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.