Вы тут

Пяць гадоў антынаркатычнаму дэкрэту №6: час двухзначных тэрмінаў прайшоў?

Прысуды па артыкуле 328 КК / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

Пяць гадоў таму, у канцы 2014 года, Аляксандр Лукашэнка падпісаў антынаркатычны дэкрэт №6. Гэта адбылося на піку папулярнасці спайсаў: наеўшыся незнаёмай хіміі, людзі выколвалі адно аднаму вочы і скакалі з верхніх паверхаў. Дэкрэт атрымаў назву "Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў".

Беларуская палітыка нулявой талерантнасці ў дачыненні да наркотыкаў спрацавала: хвалю спайсаў ўдалося збіць. Але вынікам дзеяння дэкрэта сталі тысячы маладых людзей, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў на велізарныя тэрміны. Бацькі некаторых з іх палічылі гэта несправядлівым і стварылі "Рух маці 328" — па назве асноўнага "наркатычнага" артыкула Крымінальнага кодэкса. Першапачаткова яны збіраліся дамагацца перагляду спраў сваіх дзяцей, але з часам патрабаванні пашырыліся да рэформы антынаркатычнага заканадаўства. Барацьба маці-328 працягваецца.

Ці эфектыўны жорсткія антынаркатычныя меры сёння і ці не прайшоў час двухзначных тэрмінаў? Еўрарадыё даследавала статыстыку злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, і пазіцыю сілавікоў па гэтых пытаннях. А таксама мы разам з былым следчым Яўгенам Юшкевічам, які год адпрацаваў у СК па лініі барацьбы з наркотыкамі, паспрабавалі разабрацца, як можна палепшыць сістэму антынаркатычных мер.

Маці-328 падчас дазволенага мітынгу ў Кіеўскім скверы / Еўрарадыё

Што новага ўвёў дэкрэт №6?

У заканадаўстве адбыліся такія змены:

— павялічаны тэрміны за збыт наркотыкаў групай асоб і ў складзе арганізаванай групы (3-я і 4-я часткі антынаркатычнага 328-га артыкула КК);
— з'явілася пакаранне за збыт наркотыкаў, што пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека — да 25 гадоў пазбаўлення волі. Для параўнання: максімальны тэрмін па 1-й частцы артыкула 139 "Забойства" — 15 гадоў;
— знізіўся ўзрост крымінальнага пакарання за наркотыкі — з 16 да 14 гадоў;
— уведзены штрафы за з'яўленне "пад кайфам" у грамадскім месцы;
— павялічаны штрафы за знаходжанне ў наркатычным ап'яненні на працы.

І гэта далёка не ўсё.

"Наркатычныя" лічбы

У 2011 годзе беларусы здзейснілі 4532 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Да 2014 года гэтая лічба вырасла да 7356. А ў 2018 годзе Беларусь амаль вярнулася да паказчыкаў 2011 года: зафіксавана 4983 "наркатычныя" злачынствы.

За апошнія 5 гадоў міліцыя стала адбіраць з незаконнага абароту ў два разы больш наркотыкаў: з 360,4 кг у 2014 годзе да 779,5 кг у 2018-м. За 9 месяцаў 2019 года супрацоўнікі наркакантролю канфіскавалі 395,5 кг забароненых рэчываў.

У табліцы выкарыстаныя звесткі МУС па аб'ёме канфіскаваных наркотыкаў. Прыкладна столькі ж кожны год адбіраюць памежнікі і мытнікі.

— Умоўны наркагандляр, нарказбытчык, спажывец можа не ведаць канкрэтных тэрмінаў, на якія ён можа трапіць. Яму наогул можа быць усё роўна. Але ён ведае, што ў дзяржаве ідзе вайна з наркаабаротам, — лічыць Яўген Юшкевіч. — Як агульная прэвенцыя [пакаранне аднаго чалавека стрымлівае іншага ад здзяйснення такога ж злачынства. — Еўрарадыё] гэта будзе працаваць. Жорсткія меры таксама працуюць.

Але крытыкі дэкрэта кажуць пра несуразмернасць пакарання учынкам, скардзяцца на затрыманне радавых спажыўцоў замест барацьбы з наркадылерамі. І ўслед за класікам крыміналогіі Чэзарэ Ламброза сцвярджаюць, што цяжар пакарання не ўплывае на колькасць злачынстваў.

8 гадоў за СМС пра наркотыкі смяротна хворай дзяўчыне

Яшчэ сваякі асуджаных за наркотыкі лічаць, што сілавікі штучна зніжаюць колькасць нарказлачынстваў за кошт трэцяй i чацвёртай частак артыкула 328, аб'ядноўваючы людзей у групы асоб і арганізаваныя групы.

14 кастрычніка Мінгарсуд вынес прысуд па "справе 37". Крымінальную справу разглядалі ў СІЗА №1, таму што ў беларускіх судах няма клетак, у якія змясцілася б столькі чалавек. У 2016–2017 гадах людзі працавалі на дзве буйныя інтэрнэт-крамы наркотыкаў і псіхатропаў (уключаючы White&Fluffy і "Канцэрн Калашнікаў"). Забароненыя рэчывы ішлі з Расіі і Украіны. Сярод фігурантаў была адна жанчына, астатнія — мужчыны ва ўзросце ад 18 да 46 гадоў. З іх кожны трэці раней быў судзімы. У ходзе расследавання было канфіскавана больш за 7 кг наркотыкаў і псіхатропаў. У суме фігурантаў асудзілі на 331 год пазбаўлення волі і 14 гадоў абмежавання.

Гісторыю Ірыны Антанюк расказала Еўрарадыё яе мама. У 2015 годзе хлопец папрасіў Іру купіць курыльную сумесь, таму што сам нічога не мог знайсці. Дзяўчына напісала ў інтэрнэт-краму, хлопец аплаціў пакупку. А калі Іры прыйшоў адказ з каардынатамі закладкі, яна пераслала яго хлопцу эсэмэскай.

Так дзяўчына стала саўдзельніцай у распаўсюджванні наркотыкаў. У 2016 годзе дзяўчыну асудзілі на 8 гадоў па трэцяй частцы артыкула 328 — за "дзеянні, здзейсненыя групай асоб". Тады гэта быў мінімальны тэрмін, магчымы паводле гэтай часткі.

Маці асуджаных за наркотыкі заяўляюць, што 328-ы артыкул стаў для сілавікоў фабрыкай зорачак на пагонах. Юшкевіч гэта адмаўляе і кажа, што "за звычайную працу ніхто бонусаў не дае: гэта проста выкананне прамых абавязкаў":

— Пра маці-328 у мяне наогул дэфармаваная думка, таму лепш у мяне не пытацца. Я бачыў па тэлевізары маці-328, якія былі маці знаёмых мне наркадылераў. Яны ў такіх маштабах гандлявалі, што я засмяяўся, калі ўбачыў: што, яе сыночка таксама не па справе пасадзілі?

Былы следчы Яўген Юшкевіч / "Наша Ніва"

Марыхуана, тытунь, алкаголь, крывадушнасць

Ці будзе пакараны касір крамы, які прадаў алкаголіку яго апошнюю бутэльку гарэлкі? Наўрад ці ў беларускай судовай сістэме здараліся такія прэцэдэнты. А вось за тое, што нехта памёр, прыняўшы наркотыкі, іх прадавец можа адправіцца за краты на 25 гадоў.

— Пятая частка артыкула 328 парушае ўсе прынцыпы пабудовы артыкулаў і крымінальнага закона. Давайце мы тады ўнясём такія пятыя часткі ў іншыя артыкулы, — кажа з гэтай нагоды Яўген Юшкевіч.

Марыхуана па беларускіх законах з'яўляецца асабліва небяспечным рэчывам, хоць і не нясе смяротнай пагрозы. У адрозненне ад тытуню: пра тое, што курэнне можа стаць прычынай цяжкіх захворванняў, вы прачытаеце на кожным пачку цыгарэт.

— Артыкул 328 у частцы трэцяй аддзяляе асабліва небяспечныя рэчывы, ёсць іх спіс. Гэта значыць, закон у Беларусі, у прынцыпе, бачыць розніцу паміж "звычайнымі" наркотыкамі і асабліва небяспечнымі, паміж "лёгкімі" і "цяжкімі", — працягвае былы следчы. — Але, як і любы студэнт юрфака або меда, я памятаю табліцу агульнай небяспекі наркотыкаў. Другое месца пасля гераіну ў ёй займае алкаголь. Не разумею, чаму ў такім выпадку марыхуана лічыцца асабліва небяспечным рэчывам, а алкаголь дзяржава прадае па тры рублі за бутэльку.

Тысячы людзей співаюцца, здзяйсняюць злачынствы п'янымі. А лёгкія наркотыкі накшталт марыхуаны амаль не выклікаюць залежнасці, і пад імі ніякіх грамадска небяспечных дзеянняў звычайна няма. Гэта такая традыцыйная дзяржаўная крывадушнасць, я бачу ў ёй праблему.

Юшкевіч — прыхільнік дэкрыміналізацыі марыхуаны. Паводле яго слоў, гэта дазволіла б выканаць у заканадаўстве прынцып справядлівасці.

Ніякіх здзелак

У Беларусі няма пакарання за ўжыванне наркотыкаў. Але цяжка ўявіць сітуацыю, калі чалавек ужывае, але не трапляецца на захоўванні і набыцці, якія крымінальна каральныя:

— Чаму так шмат першых частак [артыкула 328]? Каб выйсці на прадаўца, трэба прымусіць кагосьці даць на яго праўдзівыя паказанні. Тады ты шукаеш па першай частцы "кліента" і выходзіш далей. А здзелка з правасуддзем у нас не працуе. І атрымліваецца, што такіх першых частак вельмі шмат. Яшчэ яны валяцца самі па сабе: пры аглядах у метро, ​​надглядах на мытні. Гэта значыць, чалавек проста трапляецца з "вагой" у кішэні. Не скажаш жа яму: "Ну, у нас шмат першых частак, ідзі дамоў", — расказвае пра працу следчага Яўген Юшкевіч.

Сваякі асуджаных за наркотыкі на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у будынку парламента / Настасся Бойка, Еўрарадыё

Актывісткі аргкамітэта "Наша права" і маці асуджаных за наркотыкі Ліяна Шуба і Таццяна Канеўская доўгі час дамагаліся правак у "наркатычны" артыкул праз парламент. У 2019 годзе дэпутаты пагадзіліся знізіць на 2 гады ніжнія парогі пакарання па 2-й і 3-й частках артыкула 328.

У МУС сёння заяўляюць, што жорсткімі мерамі, прынятымі ў 2014 годзе, "удалося дамагчыся галоўнага — захаваць жыццё і здароўе грамадзян". Цяпер ведамства мае намер "паступова ссоўваць вектар з сілавых мер на прафілактыку наркатызацыі насельніцтва і аказанне медыка-псіхалагічнай дапамогі хворым на наркаманію".

Летась МУС запусціла рэсурс POMOGUT.BY. Па нумары +375 17 311 00 00 ён працуе ў рэжыме 24/7. Але людзі з наркатычнай залежнасцю ў размове з Еўрарадыё кажуць, што з-за рызыкі трапіць на лаву падсудных па частцы 1 артыкула 328 лічаць за лепшае не карыстацца дапамогай МУС.

Тэрміны па-ранейшаму сур'ёзныя?

Цяпер у Беларусі ў месцах пазбаўлення волі адбываюць пакаранне за наркотыкі 6 тысяч асуджаных. Гэта прыкладна 17,4% ад агульнай колькасці зняволеных.

Па першай частцы артыкула 328 выносілі і досыць мяккія прысуды.

Напрыклад, 18-гадовага Сцяпана, у якога знайшлі 4,94 грама марыхуаны і 0,6409 грама псіхатропу МДМА, прысудзілі па першай частцы артыкула 328 да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Міліцыя знайшла наркотыкі не толькі ў яго, гэта адбылося на вечарынцы, дзе было 40 чалавек. Пры горшым раскладзе супраць хлопца маглі распачаць справу па 2-й ці 3-й частцы і прызначыць рэальны тэрмін.

8 студзеня 2019 года суд Ленінскага раёна Мінска вызваліў ад крымінальнай адказнасці непаўналетняга К. Яго абвінавачвалі ў набыцці і захоўванні не менш як 0,0561 грама марыхуаны без мэты збыту. Частку наркотыку хлопец ужыў, а рэшткі, з якімі яго затрымалі ў стане наркатычнага ап'янення, працягваў захоўваць. На падставе артыкула 86 КК (калі злачынства не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі і чалавек спатыкнуўся ўпершыню, крымінальную адказнасць можна замяніць адміністрацыйнай) яго прысудзілі толькі да штрафу 255 рублёў.

Аднак па-ранейшаму нярэдкія выпадкі, калі маладыя людзі надоўга трапляюць у калонію за наркотыкі. Напрыклад, Ірына, пра якую мы напісалі вышэй. І такіх прыкладаў шмат.