Пуцін павіншаваў Лукашэнку з "пераканаўчай перамогай" на выбарах
Уладзімір Пуцін накіраваў Аляксандру Лукашэнку віншавальную тэлеграму з нагоды перамогі на прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Крамля.
У сваёй тэлеграме расійскі кіраўнік назваў перамогу Лукашэнкі пераканаўчай. На яго думку, вынік выбараў сведчыць пра высокі палітычны аўтарытэт і давер з боку насельніцтва, а таксама пра актыўную падтрымку курсу на далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Як паведамляла Еўрарадыё, паводле папярэдніх звестак ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 83,49% выбарцаў.
Расійскі кіраўнік выказаў упэўненасць, што дзяржаўная дзейнасць Лукашэнкі будзе спрыяць развіццю расійска-беларускага стратэгічнага партнёрства, ўмацаванню Саюзнай дзяржавы, нарошчванню супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці незалежных дзяржаў ды іншых міжнародных структур.
Акрамя таго Пуцін пацвердзіў настрой на працяг канструктыўнай сумеснай працы на карысць братніх народаў нашых краін.