Вы тут

Прызёр Алімпіяды за 10-дзённую галадоўку страціў амаль 11 кг

Андрэй Краўчанка да і пад заканчэнне галадоўкі /  Instagram 

Срэбраны прызёр Алімпіяды Андрэй Краўчанка сёння заканчвае 10-дзённую галадоўку салідарнасці з палітвязнямі. За час галадоўкі ён страціў амаль 11 кг, піша Tribuna.com.

Дзесяціборац абвясціў галадоўку 25 красавіка. Ужо ў першыя дні Краўчанка скінуў амаль пяць кілаграмаў, але працягваў трэніравацца.

Аднак у наступныя дні ён траціў прытомнасць, з носа ішла кроў, з'явілася слабасць і галавакружэнне. Краўчанка кажа, што 3 траўня ў яго быў псіхалагічны злом: "У панядзелак увечары рэзка стала горш. Рэальна моцна захацелася есці, пастаянна наведвалі думкі пра ежу, і гэта ціснула псіхалагічна. Заставалася толькі трываць, балазе сіла волі ёсць".

Самымі цяжкімі Краўчанка назваў дзявятыя суткі — 4 траўня: "Я нават страціў прытомнасць /.../. Сядзеў на канапе ў Янінай мамы дома, захацеў у прыбіральню. Рэзка ўстаў і пайшоў. Зайшоў у ванны пакой, зачыніў за сабой дзверы, у вачах пацямнела, абапёрся на сцяну, а ў наступны момант адкрываю вочы і бачу, што я ляжу на падлозе, пада мной разбітае вядро са сродкамі для ўборкі, баліць галава. Мабыць, калі падаў, стукнуўся галавой. Калі б стукнуўся аб плітку на падлозе, то не абышлося б без страсення мозгу. Па целе ішла дрыжыкі. Устаў, на кухні хутка выпіў паўтара літра вады, і мяне нібыта адпусціла".

Выходзіць з галадоўкі спартовец мяркуе цягам тыдня.

Краўчанка не рэкамендаваў нікому такія эксперыменты над уласным арганізмам. Але дадаў — калі гэта будзе патрэбна для справы, то сам яшчэ раз пойдзе на гэты крок: "Калі гэта спатрэбіцца, калі ад гэтага нешта будзе залежыць, то пайду 100 адсоткаў. Проста так, для сябе, рабіць гэтага больш ніколі не буду. А калі для падтрымкі, для выказвання салідарнасці — дык без праблем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.