"Прыёрбанк" усё ж зрабіўся партнёрам хакейнага клуба "Дынама"

Каманда "Дынама-Мінск" / hcdinamo.by
Каманда "Дынама-Мінск" / hcdinamo.by

У партнёры хакейнага клуба "Дынама" ціха дадалі "Прыёрбанк", заўважыла "Трыбуна". Выданне нагадвае, што новы сезон КХЛ стартуе ўжо на гэтым тыдні — у суботу мінскае "Дынама" прымае казахстанскі "Барыс". А на мінулым тыдні гендырэктар клуба Сяргей Сушко расказваў пра планы на сезон: пра тое, што каманда павінна не толькі выйсці ў плэй-оф, "але і там пашумець", а таксама пра тое, што з грашыма ў клуба ўсё ў парадку — бюджэт будзе прыблізна такім жа, як у мінулым сезоне.

У канцы жніўня высветлілася, што ў клуба з'явіўся новы партнёр.  Ім зрабіўся "Прыёрбанк".  Характэрна, што кіраўніцтва банка прасілі паўдзельнічаць у лёсе "Дынама" і раней. Пра гэта пісала "Наша Ніва" пасля затрымання кіраўніка "Прыёрбанка" Сяргей Касцючэнкі ў сакавіку 2022 года. Гэтае затрыманне адразу назвалі палітычным. Паводле звестак выдання, напярэдадні затрымання да Касцючэнкі звяртаўся Дзмітрый Баскаў, былы кіраўнік Федэрацыі хакея і адзін з імаверных удзельнікаў падзей на "Плошчы пераменаў", у выніку якіх загінуў мясцовы жыхар Раман Бандарэнка. А яшчэ Баскаў — трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. Баскаў нібыта прасіў Касцючэнку дапамагчы "Дынама", але банкір адмовіў і неўзабаве апынуўся за кратамі.

Летам Сяргея Касцючэнку асудзілі на 3,5 гады за ўхіленне ад выплаты падаткаў, а "Прыёрбанк" зрабіўся партнёрам "Дынама".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі