Вы тут

Прытулак і працу ў Польшчы атрымалі каля 150 тысяч беларусаў — Анджэй Дуда

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас выступу на сесіі Генеральнай асамблеі ААН​ / Reuters

Прытулак і працу ў Польшчы знайшлі "каля 150 тысяч беларусаў, у тым ліку тысячы ўдзельнікаў пратэстаў", заявіў у сваім выступе на Генеральнай асамблеі ААН прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён нагадаў, як казаў беларусам, што Польшча вітае іх і "будзе для іх домам, пакуль яны палічаць сваё знаходжанне тут мэтазгодным і неабходным". У ААН Дуда сказаў, што пацвярджае гэтыя словы зноў.

Прэзідэнт Польшчы казаў і пра беларускіх палітвязняў  — нагадаў з трыбуны ААН, што гэты статус маюць больш за 650 чалавек, "у асноўным маладыя жанчыны і мужчыны".

Гэта "патрыёты, якія проста хацелі мець магчымасць сумленна выбраць свайго лідара. Яны пакутуюць ад турмы па палітычных прычынах",  — сказаў Анджэй Дуда. Ён нагадаў пра прысуд Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, пра прадстаўнікоў польскай дыяспары Беларусі – Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута, якія таксама знаходзяцца ў зняволенні.

"Гэта ўсяго толькі некалькі з сотняў імёнаў, якія пераследуюцца. Мы патрабуем вызвалення ўсіх іх і большай салідарнасці міжнароднай супольнасці з народам Беларусі, які проста хоча мець ў сябе сумленную  дзяржаву, сумленную дэмакратыю", — сказаў прэзідэнт Польшчы.

Ён таксама адзначыў, што за салідарнасць з беларусамі Польшчы давялося заплаціць міграцыйным крызісам, які беларускія ўлады стварылі на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.