"Прысуд" футбольнаму арбітру Сяргею Шмоліку будзе агучаны 15 ліпеня (відэа)

Канчатковае рашэнне па справе футбольнага арбітра Сяргея Шмоліка будзе прынята судзейскім камітэтам Беларускай федэрацыі футбола ў аўторак, 15 ліпеня.
Цяпер прадстаўнікі БФФ праводзяць вывучэнне ўсіх абставінаў матчу 13-га тура чэмпіянату Беларусі "Віцебск" - "Нафтан", які адбыўся 5 ліпеня ў Віцебску.

БЕЛТА
адзначае, што падчас гульні, якая закончылася ўнічыю 1:1, арбітр ФІФА Шмолік "часам вёў сябе неадэкватна, чым выклікаў падазрэнні ў тым, што ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Сам суддзя пасля гульні гаварыў, што яго дзіўныя паводзіны былі звязаныя толькі з болем у спіне, які абвастрыўся".

Вердыкт будзе вынесены пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў, у тым ліку відэазапісу і медыцынскіх дакументаў. Да высвятлення абставінаў справы Сяргея Шмоліка не будуць прыцягваць да абслугоўвання гульняў нацыянальнага чэмпіянату.

"Калі факт алкагольнага ап'янення пацвердзіцца, арбітру пагражае працяглая дыскваліфікацыя", - паведамляе БЕЛТА.