Прыходзіць з судовых пасяджэнняў у СІЗА і проста падае — жонка пра Судаленку

Леанід Судаленка / mspring.media
Леанід Судаленка / mspring.media

Суд над праваабаронцам і палітвязням Леанідам Судаленкам хуткім не будзе, да прысуду далёка, паведамляе "Радыё Свабода" са спасылкай на жонку Судаленкі Аксану. Судовыя пасяджэння распісаны да 24 верасня. Леанід напісаў з турмы, што ў гэтыя тэрміны суд наўрад ці ўкладзецца. Пакуль разгледжана толькі траціна матэрыялаў.

Мужчыну затрымалі ў студзені 2021 года, абвінавацілі ў арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 і 2 арт. 342 КК). Так следства трактавала дапамогу праваабаронцы людзям. Судаленка дапамагаў аплочваць штрафы і абскарджваць рашэнні судоў. Суд над ім самім пачаўся 3 верасня ў закрытым рэжыме.

Сёння Леаніду Судаленку спаўняецца 55 гадоў. Жонка хадайнічала аб спатканні з ім. Адказу не атрымала.

"Напярэдадні мы паслалі Леаніду пасылку ў турму. Усё, што ён любіць. У тым ліку тое, што яму не на карысць, але я знайшла з мінімальным узроўнем цукру — халву, зефір, цукеркі, пячэнне. Але і суседзяў жа варта пачаставаць, ён жа не адзін. Я намагалася трапіць у гэты дзень, ягоны 55-ты дзень нараджэння, на спатканне. Напісала заяву ў суд. Але адказу так і не было", — распавяла Аксана.

Свой дзень нараджэння, мяркуе яна, Леанід сустракае ў судзе. Яна непакоіцца пра яго здароўе. Кажа, ёсць праблемы з ціскам, узроўнем цукру і зрокам. У СІЗА ў Судаленкі з-за праблем са здароўем пасцельны рэжым. "Але я ведаю, што ён прыходзіць з судовых пасяджэнняў і проста падае на ложак — бо вельмі стамляецца ў судзе", — адзначыла Аксана.

Раней стала вядома, што Судаленку прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Ён адмовіўся

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі