Вы тут

Праваабаронца Леанід Судаленка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні

Леанід Судаленка / spring96.org

Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка, які ўжо восем месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, паведамляе БелаПАН.

Судаленка распавёў у лісце, копія якога ёсць у распараджэнні агенцтва, што Юрый Васкрасенскі (адпушчаны на волю былы актывіст, які цяпер агучвае ініцыятывы ўлады — Еўрарадыё) прапаноўваў яму напісаць "пакаянную". Быў нават пастаўлены дэдлайн — да 31 жніўня.

"Я пакуль абраў суд. Ён жа даверанасці ад таго, Хто мілуе, не прыклаў. А раптам правакатар", — адзначае ў лісце праваабаронца.

Працэс па ягонай справе павінен пачацца 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля і будзе адкрытым.

"Прыходзьце, пачуеце, як правільна Радзіму любіць трэба. Звычайна былі суды "Судаленка супраць РБ", а цяпер — "РБ супраць Судаленкі ", — напісаў праваабаронца. Раней ён неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека. І разгляд спраў там сапраўды называлася "Судаленка супраць Рэспублікі Беларусь". Прычым усе тыя справы праваабаронца выйграў, але Беларусь рашэння Міжнароднага суда не выконвае.

Судаленка абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 і 2 арт. 342 КК РБ). Так следства трактавала дапамогу праваабаронца людзям. Ён дапамагаў аплочваць штрафы і абскарджваць рашэнні судоў.

У судзе над Судаленкам мяркуецца апытаць больш за 60 чалавек, якім ён дапамагаў. Усяго ж у статусе такіх сведак на стадыі папярэдняга следства было апытана больш за 200 чалавек — жыхароў Гомельскага рэгіёну.

Праваабаронцы прызналі Леаніда Судаленка палітвязням.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.