Пры затрыманні ў Альшанах "бяспраўніка" ДАІ і АМАП распылілі газ у жылым доме

Пры затрыманні ў Альшанах "бяспраўніка" ДАІ і АМАП распылілі газ у жылым доме

Скандальны выпадак затрымання "бяспраўніка" адбыўся ў аграгарадку Альшаны Столінскага раёна. Падрабязнасці здарэння сайту abw.by распавёў відавочца здарэння. 

Па словах Івана, здарэнне адбылося 17 сакавіка. Мужчына быў на заднім двары свайго дома, калі пабачыў, што па яго двары бяжыць амапавец, які нешта крычыць па рацыі. Амапавец накіраваўся ў ягоны дом, што азадачыла вяскоўца. 

"Я, натуральна, спяшаюся следам і бачу, што амапавец, дастаўшы табельную зброю, пабег на другі паверх. У доме знаходзіліся дзеці, малодшай дачцэ — тры гадкі. Яна моцна спалохалася, убачыўшы чалавека са зброяй, які крычыць невядома што. У дзіцяці пачалася істэрыка. Амапавец забег у дзіцячы пакой наверсе, за ім следам — ​​чарада іншых супрацоўнікаў міліцыі, АМАПу і ДАІ. Я крычаў, што я гаспадар дома, што я не даваў нікому права заходзіць у прыватны дом, прасіў усіх выйсці, патрабаваў дакументы, якія даюць права на такія дзеянні. Мяне ніхто не слухаў, на мае патрабаванні ніхто не рэагаваў, яшчэ і пагражалі прымяненнем фізічнай сілы да мяне, забаранялі здымаць на відэа. Гэта ў мяне ва ўласным доме мне забараняюць здымаць?" — эмацыйна распавядае мужчына.

Выявілася, што міліцыянты прыбеглі, каб затрымаць яго роднага брата Сяргея. Пры гэтым яны распылілі слезацечны газ, які разышоўся па ўсім доме. Ад гэтага, кажа Іван, стала кепска дзіцяці. 

Пры затрыманні Сяргея міліцыянты, кажа гаспадар дома, зламалі мэблю ў доме: дзіцячы ложак і тумбачку. Пашкодзілі таксама ламінат.

"Я затэлефанаваў у службу "102", даслалі ўчастковага, які сказаў, што гэта не ў яго кампетэнцыі, і пайшоў. Дзеці атрымалі глыбокую псіхалагічную траўму, трохгадовая дачка зараз у лякарні з высокай тэмпературай. Я буду звяртацца ў пракуратуру, гэты "беспрадзел" проста так не пройдзе", — абураецца жыхар Альшанаў.

Яго брат Сяргей кажа, што сеў за руль, хаця быў пазбаўлены правоў кіравння на пяць гадоў. Калі пабачыў экіпаж ДАІ, то пачаў уцякаць. Потым мужчына выскачыў з аўто і спрабаваў схавацца ў доме брата. Там яго і дагналі міліцыянты, якія пры затрыманні выкарысталі слезацечны газ і паламалі мэблю.

Два дні затрыманага мужчыну пратрымалі ў ізалятары, склалі пратаколы за язду без правоў і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і адпусцілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі