Вы тут

"Проста зайшлі ў ваду, і Юля не выйшла". Як загінула мінская футбалістка

Футбалістка Юлія Барысенка. Фота: vk.com​

Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі 28-гадовай футбалісткі мінскага клуба "Зорка-БДУ". 22 ліпеня Юлія Барысенка разам з сябрамі адпачывала на возеры Катышы ў Кобрынскім раёне. Бліжэй да вечара дзяўчаты вырашылі выкупацца. Калі кампанія выйшла на бераг, аказалася, што Юлі няма.

"Са словаў відавочцаў, дзяўчаты пачалі хадзіць па беразе і шукаць сяброўку, — каментуе Еўрарадыё вядучы спецыяліст Брэсцкай абласной арганізацыі ОСВОД Вячаслаў Сімакоў. — Думалі, што, можа, пераплыла возера, але пошукі ні да чаго не прывялі. Тады яны звярнуліся на мясцовы выратавальны пост асводаўскі, які размешчаны проста на беразе возера. Дзяўчыну не знайшлі".

 
Возера Катышы Кобрынскага раёна. Фота: brest.greenbelarus.info

Дзяўчаты адпачывалі ў самым далёкім пункце берага”

Шукаць у цемры — падвяргаць небяспецы жыцці вадалазаў. Таму пошукі аднавілі раніцай 23 ліпеня. У 17:30 дзяўчыну паднялі з дна ратавальнікі Кобрынскай выратавальнай станцыі.

"Чаму дзяўчына патанула, ці папярэднічала гэтаму ўжыванне спіртных напояў — стане зразумела пасля судовай экспертызы, — кажа Вячаслаў Сімакоў. — Магу сказаць, што купацца на гэтым возеры можна, але толькі ў зоне дзеяння выратавальнага паста. Там абсталяваны пляж, ёсць спадзісты спуск у ваду, няма рэзкіх змяненняў глыбіні. Купацца ў гэтым месцы бяспечна. Але варта адысці метраў на 600 — там можна знайсці невядома што. Усё возера абследаваць нельга, пачысціць немагчыма. Так што можа быць небяспечна. Акрамя таго, у возеры могуць быць падводныя ямы. Дзяўчаты адпачывалі ў самым далёкім пункце берага, і нават калі адтуль крычаць, на посце нічога не чуваць".

Ліяна Мірашнічэнка таксама адпачывала на возеры. Дзяўчаты разам гулялі ў футбол, часам ездзілі адпачываць на гэтае возера з намётамі на некалькі дзён.

"Глыбока не заходзілі. Плаваць Юля ўмела, але мы самі па сабе далёка не заплывалі. Зайшлі, акунуліся — выйшлі. Не ведаю, што адбылося. Не магу вам нічога сказаць. Яна была суперсябра, выдатны, добры чалавек, заўсёды была гатовая дапамагчы".

Ці выпівалі дзяўчаты перад тым, як акунуцца, Ліяна не каментуе. Па голасе чуваць, што дзяўчына моцна шакаваная — зрэшты, як і іншыя сябры. "Укантакце" пад навіной пра смерць спартсменкі дзясяткі спачувальных каментароў тых. Ніхто не хоча верыць, што футбалістка загінула.

Нямногія так ставяцца да сваёй справы, як умела Юлька”

Трэнер мінскага клуба "Зорка-БДУ" Наталля Мінкіна кажа, што Юлія Барысенка была ўпартым чалавекам і крутой футбалісткай:

"Цяжка паверыць, што Юля патанула. Гора, у мяне няма словаў, у мяне мову заняло, калі даведалася. Проста зайшлі ў ваду, і Юля не выйшла. Яна прыйшла ў каманду зусім нядаўна. Трэніруецца з намі са студзеня, але я ведала яе і раней. Яна годны гулец. Мне заўсёды вельмі падабалася яе прафесійнае стаўленне — нямногія так ставяцца да сваёй справы, як умела Юлька. Яна была з моцным характарам і амбіцыямі — усё гэта вельмі важна для спорту. Ёсць гульцы, якія з усім згаджаюцца, робяць так, як сказалі. Яна заўсёды адстойвала свой пункт гледжання, не баялася выказваць уласнае меркаванне. У спорце патрэбныя менавіта такія ўпартыя людзі".

Яшчэ ў суботу, 21 ліпеня, Юля Барысенка гуляла ў матчы чэмпіянату краіны супраць "Славянкі" і забіла гол. Сустрэча завяршылася перамогай "Зоркі-БДУ" з лікам 22:0.

На рахунку Барысенка — чэмпіёнства Беларусі (2015), Кубак Беларусі (2010, 2015), Суперкубак Беларусі (2010, 2015, 2016), Кубак Расіі (2014), Суперкубак Расіі (2013 года).