Прэзідэнт Польшчы падпісаў закон, які палегчыць жыццё некаторым беларусам
![У Варшаве, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-06/poland_11_06.jpg.webp?itok=5wLJCN-U)
У Варшаве, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам. Інфармацыя пра гэта з'явілася напярэдадні на сайце канцылярыі польскага прэзідэнта. Дакумент спросціць жыццё і некаторым беларусам.
У прыватнасці, вырашаецца праблема з прызнаннем атэстатаў аб адукацыі. Адна з паправак прадугледжвае, што атэстат, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала пагадненні з Польшчай аб прызнанні дакументаў аб адукацыі, можна будзе пацвердзіць у Польшчы. Гэта датычыцца дакументаў аб пачатковай, няпоўнай сярэдняй, сярэдняй адукацыі, у тым ліку прафесійнай.
Нагадаем, да гэтага часу пацвердзіць атэстат такім чынам — праз адміністрацыйную працэдуру ў Польшчы — маглі толькі асобы, якія атрымалі статус бежанца або дадатковую абарону, і члены іх сем'яў, а таксама асобы, якія пацярпелі ў выніку ўзброеных канфліктаў, стыхійных бедстваў і іншых гуманітарных крызісаў. Беларусь прыпыніла пагадненне з Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі ў лютым 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.