Прэзідэнт Нагорнага Карабаха абвясціў аб спыненні існавання рэспублікі

Чарга машын, якія спрабуюць выехаць з Нагорнага Карабаха ў Арменію

Чарга машын, якія спрабуюць выехаць з Нагорнага Карабаха ў Арменію / Maxar Technologies

Прэзідэнт Нагорнага Карабаха (Рэспублікі Арцах) Самвел Шахраманян падпісаў указ аб спыненні існавання рэспублікі. Перадумовай для з'яўлення гэтага дакумента стала сітуацыі, якая склалася ў рэгіёне пасля 19 верасня 2023 года — калі Азербайджан заявіў аб пачатку "антытэрарыстычных мерапрыемстваў лакальнага характару" ў Нагорным Карабаху з мэтай "аднаўлення канстытуцыйнага ладу".

Згодна з указам Шахраманяна, усе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі, якія знаходзяцца ў іх ведамасным падначаленні, павінны быць распушчаныя да 1 студзеня 2024 года, і "Рэспубліка Нагорны Карабах (Арцах) спыняе сваё існаванне". Дакумент таксама загадвае насельніцтву Нагорнага Карабаха "азнаёміцца з умовамі рэінтэграцыі, прадстаўленымі Азербайджанскай Рэспублікай" і самім прыняць рашэнне аб магчымасці знаходжання ў рэгіёне (або вяртання туды) .

Тым часам на раніцу 28 верасня з Нагорнага Карабаха ў Арменію прыбылі ўжо больш за 65 тысяч чалавек. Пра гэта ў сацсетках паведаміла прэс-сакратарка прэм'ер-міністра Арменіі Назэлі Багдасаран, гэта больш за палову жыхароў Рэспублікі, адзначае рэсурс "Навіны Арменіі". Напярэдадні ў Лачынскім калідоры пры спробе выехаць у Арменію быў затрыманы былы дзяржаўны міністр Нагорнага Карабаха, бізнэсовец Рубен Варданян. Яго даставілі ў Баку.

"Адной з мэтаў антытэрарыстычнай аперацыі Азербайджана было пераканаць іншы бок, што незаконная вайсковая прысутнасць і праца фэйкавых дзяржаўных структур на суверэннай тэрыторыі Азербайджана больш немагчымая", казаў у інтэрв'ю Бі-бі-сі спецыяльны пасланнік прэзідэнта Азербайджана Эльчын Амірбекаў. Расійскія міратворцы, якія знаходзіліся ў рэгіёне, жыхарам рэгіёну не дапамаглі. Пры гэтым улады Азербайджана настойваюць, што грамадзянскаму насельніцтву Карабаха нішто не пагражае. Армяне як у Карабаху, так і ў Арменіі гэтаму не вераць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі