Прэзентацыя на Еўрарадыё: Сольны праект Алеся Файзуліна "Luck Patterns"

Еўрарадыё заспела Алеся Файзуліна на востраве Мальта, дзе музыка цяпер жыве і працуе.

“Менавіта гэты пераезд і дапамог мне хутчэй заняцца сольным праектам, бо давялося ў кароткі час яго запісаць!” — тлумачыць Алесь Файзулін. — Праект нарадзіўся вельмі даўно і ствараўся паступова. За гэты час я граў у самых розных гуртах розных стыляў, і вось, відаць, з гэтых стыляў ён і сабраўся”.

Запіс матэрыялу адбываўся ў мінскай студыі Vintage Mixing у Анатоля Шманая.

Агульны стыль праекта Алесь Файзулін характарызуе як “манатонны, вельмі сумны арт-пост-рок”. Па настроі альбом атрымаўся пераважна мінорным. Усе інструменты для альбома Алесь запісаў сам. Але другім удзельнікам каманды музыка называе свайго сябра Уладзіміра Дашко, без якога гэта праект не адбыўся бы. Праект атрымаў назву “Luck Patterns”, першы альбом выйшаў пад аднайменнай назвай. У пласцінку ўвайшло 7 кампазіцый.

“Паколькі ўсе песні інструментальныя, у іх няма назваў, але кожную песню ілюструе фотаздымак. І я спадзяюся, калі мы выдадзім CD, у ім будзе прыгожы буклет з гэтымі фотаздымкамі,” — распавядае Алесь.

У 2015 годзе Алесь Файзулін спадзяецца прэзентаваць праект у Мінску сумесна з сесійнымі музыкантамі. А ужо напярэдадні навагодніх святаў альбом можна будзе набыць. Сачыць за навінамі праекта можна на афіцыйным сайце .

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі