Прэс-сакратар Лукашэнкі: Прызначэнне нечаканае, але ў гэтым ёсць нейкі сэнс

Даведка Еўрарадыё: Наталля Эйсмант нарадзілася ў 1984 годзе, скончыла мінскую музычную вучэльню, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Актор драматычнага тэатра і кіно”. У мінскім Тэатры музкамедыі выконвала дзіцячыя ролі. З 2006 працавала ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі пад псеўданімам Наталля Кірсанава. Вяла выпускі навінаў, праграму “Панарама” і разам з мужам Іванам Міхайлавым (Эйсмантам) — “Галоўны эфір”.

Еўрарадыё: Хацелася б і нам самім з вамі бліжэй пазнаёміцца, і нашых слухачоў пазнаёміць з новым прэс-сакратаром кіраўніка краіны…

Наталля Эйсмант: Пакуль я б увогуле не хацела, каб са мной выходзіла нешта ў фармаце інтэрв’ю. Не хачу піярыцца, груба кажучы, на сваім прызначэнні. Я працавала 8 гадоў на тэлебачанні і пра тэлебачанне магла расказаць. А цяпер, калі мяне толькі прызначылі, гэта будзе проста як піяр выглядаць. Я павінная хаця б крыху папрацаваць на гэтай пасадзе і заслужыць тое, каб у мяне бралі інтэрв’ю. Мне на самай справе вельмі прыемная такая цікавасць да маёй персоны цягам апошняга тыдня, але пакуль фармат інтэрв’ю мне падаецца заўчасным. Гэтая пасада была вакантнай працяглы час, і пакуль для мяне гэта ўсё новае, але я ўпэўненая, што буду і каментаваць, і іншыя функцыі выконваць.

Еўрарадыё: У такім выпадку хаця б падзяліцеся ўражаннямі ад прызначэння — наколькі нечаканым яно для вас стала?

Наталля Эйсмант: Нечаканым, зразумела. З аднаго боку. Але з другога, працуючы на тэлебачанні і тым больш у кадры, ты заўжды разумееш, што знаходзішся навідавоку. Гэтая прафесія азначае, што цябе ацэньваюць фактычна кожную хвіліну тваёй актыўнай працы. І кожны момант гатовы да любых творчых прапаноў. Натуральна, прызначэнне і прапанова такога ўзроўню — пра яго не думаеш. Гэта складанае пытанне: нечакана — гэта першая рэакцыя. Але потым разумееш, што ў гэтым ёсць нейкі сэнс. Гэта тая самая праца з прэсай. Я ведаю ўсю тэлекухню і думаю, што гэта мне дапаможа ў маёй новай працы.

 

Еўрарадыё: Я ведаю, што цяпер у вашым працоўным кабінеце ідзе рамонт. Атрымліваецца, што рашэнне аб вашым прызначэнні было прынятае досыць хутка, калі нават працоўнае месца падрыхтаваць не паспелі?

Наталля Эйсмант: Усё адносна. Сапраўды, кабінет рыхтуюць, я ў ім ужо нават была. Але рэч у тым, што мне ў тым кабінеце давядзецца шмат часу праводзіць, таму ўсе спрабуюць зрабіць так, каб мне там было зручна. Стараюцца падрыхтаваць яго, улічваюць мае пажаданні. Так што гэта не больш чым працоўныя моманты. А так я ўжо знаходжуся ў працоўным штатным графіку.

Еўрарадыё: Я так разумею, што гэта пасада ўзроўню памочніка прэзідэнта?

Наталля Эйсмант: Вы ўсё правільна разумееце. Вы ж ведаеце, што ў нас ёсць кіраўнік прэс-службы — Папоў Андрэй Аляксандравіч. Ён працуе на гэтай пасадзе, усё тут у парадку. А мяне прызначылі на пасаду прэс-сакратар прэзідэнта — гэта іншая пасада, хоць яна і прадугледжвае шчыльнае супрацоўніцтва і з кіраўніком прэс-службы, і з самой прэс-службай, мы робім адну справу. Мая пасада па рэгламенце прыраўноўваецца да пасады памочніка.

Еўрарадыё: Наколькі разумею, вы — другі чалавек, які займае гэтую пасаду. Да вас была толькі Наталля Пяткевіч?

Наталля Эйсмант: Гэта вы ўжо лічыце самі, глядзіце гісторыю — гэта ваша журналісцкая праца! Аналізуйце, лічыце — займайцеся вы сваёй працай, а я — цяпер ужо сваёй. (У апошнія гады ў Лукашэнкі не было прэс-сакратара. Апошняй гэтую пасаду да 2004 года займала Наталля Пяткевіч — Еўрарадыё).

Еўрарадыё: І калі можна разлічваць на грунтоўную размову з вамі? На, так бы мовіць, эксклюзіў?

Наталля Эйсмант: Калі я пачну нешта каментаваць, калі ўжо цалкам увайду ў курс справы, калі мы зразумеем фармат, вызначым усе тэхнічныя моманты. Думаю, вы гэта ўбачыце. Будзем трымаць сувязь. А далей — тут ужо вашы здольнасці дапамогуць вам здабыць эксклюзіў.

 
Фота з архіву Наталлі Эйсмант 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі